У адмысловай заяве, прынятай дыпламатычнымі службамі, у прыватнасці, гаворыцца: «Еўрапейскі саюз і яго дзяржавы-члены не далучацца да наведвання ўкраінскіх дзяцей у Наваполацку 4 кастрычніка 2023 года, якое арганізуе Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Беларусь. ЕС і яго дзяржавы-члены неаднаразова выказвалі глыбокую занепакоенасць абставінамі, пры якіх украінскіх дзяцей прывозяць у Беларусь. У гэтым кантэксце мы шкадуем, што Пасольства Украіны, якое з’яўляецца найбольш зацікаўленым бокам, бо справа датычыць грамадзян Украіны, не было запрошана ні на брыфінг па гэтым пытанні 22 верасня 2023 года, ні ў паездку ў Наваполацк 4 кастрычніка 2023 года».
Нагадаем, дзяцей з акупаваных тэрыторый Украіны прывозяць у Беларусь з 2016 года. Апошнім часам гэтым займаецца фонд паралімпійца і праўладнага актывіста Аляксея Талая. У МЗС Беларусі запэўніваюць, што часовыя прыезды дзяцей на аздараўленне ў Беларусь "адбываюцца з выкананнем адпаведных прававых працэдур, усе дзеці ўязджаюць і выязджаюць з Беларусі легальна ў суправаджэнні дарослых, маючы на руках усе неабходныя дакументы".
ПАРЭ сёлета 27 красавіка прыняла рэзалюцыю, у якой прызнала гвалтоўную дэпартацыю ўкраінскіх дзяцей у Расею генацыдам, а Аляксандра Лукашэнку і ўрад Беларусі — датычнымі да яго.
Раней Міжнародны крымінальны суд выдаў ордэр на арышт прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна і ўпаўнаважанай па правах дзіцяці ў гэтай краіне Марыі Львовай-Бяловай за незаконную дэпартацыю і перамяшчэнне ўкраінскіх дзяцей.
Тым часам украінскіх дзяцей працягваюць прывозіць у Беларусь. У Наваполацку ім паабяцалі «насычаную» трохтыднёвую праграму, якая пачалася з экскурсіі ў мясцовы Цэнтр бяспекі МНС. Дзяцей і падлеткаў навучалі паводзінам у экстрэмальных сітуацыях. Ёсць нямала доказаў таго, што для ўкраінскіх дзяцей у Беларусі ладзяць імпрэзы, падчас якіх праўладныя актывісты прапагандуюць нянавісць да Украіны і выказваюць пажаданне, каб Расея ўзяла яе пад свой кантроль".
Марцін Кошкін