Панядзелак, 15 Ліпень 2024

«Побойтесь Бога!» У віцебскіх пабліках не сціхаюць спрэчкі пра «беларуса-бразільскі карнавал»

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Мерапрыемства праходзіла ў межах фестываля «Славянскі базар у Віцебску». На здымку Сяргея Серабро з фотарэпартажа ў «Народных Навінах Віцебска» яскрава адлюстраваны падставы незадавальнення часткі віцяблян: ім не спадабалася, што шэсце ўдзельнікаў у адкрытых касцюмах праходзіла міма праваслаўных храмаў.

Паводле афіцыйных звестак, ініцыятыва правядзення «беларуса-бразільскага» карнавала належала творчай групе «Барабэнд». Дарэчы, у гэтага калектыва два гады таму ўжо быў канфлікт з праваслаўнымі вернікамі, і якраз на «Славянскім базары». Тады калектыў выступаў на прызначанай уладамі пляцоўцы. І манахіня са Свята-Елізавецінскага манастыра, якая непадалёк гандлявала царкоўнымі аксесуарамі, кінулася біцца да кіраўніка групы барабаншчыкаў. Міліцыі чамусьці паблізу не аказалася, і канфлікт давялося «разруліваць» гледачам... 

Зрэшты, энергічны «Барабэнд» у Віцебску любяць. А што да іншых удзельнікаў карнавальнага шэсця, то крытыкі абрынулася найперш на знешнасць удзельніціх асабліва пільна разглядалі ў фотарэпартажы. Маўляў, артыст мусіць быць падцягнутым і стройным, а тут - спрэс "бодзіпазітыў". Гэтае слова ў некаторых каментарах мела выключна зневажальны сэнс.

Былі сярод гледачоў і тыя, хто выказваўся пра недарэчнасць спробаў з'імітаваць бразільскі карнавал у межах «славянскага форума». Сярод каментатараў былі і тыя, хто асуджаў папулярызацыю чужых традыцый у той час, як у краіне ганяць усё беларускае.

Дзеля справядлівасці варта заўважыць, што і прыхільнікаў у карнавала таксама набралася нямала. «Галоўнае, каб было весела!», - пісалі яны ў каментарах.

Абмеркаванне «бразільскага карнавала па-віцебску» прыпала якраз на той час, калі ў Полацку забаранілі фэст аматараў анімэ «Кампай». Забаранілі на падставе таго, што гэта быццам бы, прапаганда "не тых" каштоўнасцяў. А славянабразільскі карнавал, атрымліваецца, прапагандуе ўсё, што трэба. І аргумент пра тое, што «галоўнае, каб было весела», чамусьці не спрацаваў у інтарэсах аматараў японскай мультыплікацыі і касплэя.

Вольга Мачульская