Паводле беларускага заканадаўства асобы, якія перадаюць інфармацыю ўдзельнікам «экстрэмісцкага фармавання», могуць быць прыцягнуты да крымінальнай адказнасці. Ёсць верагоднасць, што зараз сілавікі пачнуць шукаць тых, хто супрацоўнічае з парталам orsha.eu.
Сёлета 13 сакавіка Следчы камітэт распачаў спецвытворчасць у дачыненні да праваабаронцы і журналіста Ігара Казмерчака, рэдактара незалежнага партала. Яго вінавацяць паводле двух артыкулаў Крымінальнага Кодэкса - паводле частак 1 і 2 арт. 361-4, а таксама паводле ч.1 арт.368 Крымінальнага кодэкса. Казмярчак у 2021 годзе быў вымушаны пакінуць Беларусь, і спецвытворчасць прадугледжвае магчымасць судовага разбору ў адсутнасць падсуднага.
20 чэрвеня Міністэрства інфармацыі ўключыла ў спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў медыярэсурсы orsha.eu: уласна сайт, YouTube-канал «orshaeu» і шэраг старонак выдання ў сацыяльных сетках.
Тым, хто знаходзіцца ў Беларусі, Ігар Казмярчак раіць адпісацца ад інтэрнэт-рэсурсаў, прызнаных экстрэмісцкімі. Рэдактар падкрэслівае, што без падпісак можна бяспечна чытаць Telegram-канал «Orsha.eu навiны пра Оршу» і глядзець YouTube-канал «orshaeu», але не варта нічога каментаваць і «лайкаць».
Міхаліна Гатоўская