Аўторак, 03 Верасень 2024

Двух жыхароў Віцебшчыны ўключылі ў «экстрэмісцкі спіс», які складае МУС

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

У пераліку асобаў, схільных да экстрэмісцкай дзейнасці, з'явіліся імёны і прозвішчы віцебскай дызайнеркі адзення Наталлі Крэміс і ўраджэнца Падсвілля, калекцыянера і байкера Сяргея Навумава. Абодвух асудзілі ў Віцебскім абласным судзе ў пачатку жніўня, і падобна, што апеляцыйных скаргаў на прысуды яны не падавалі. 

64-гадовую Наталлю Крэміс, ураджэнку аграгарадка Акцябрская, пачалі судзіць 6 жніўня жніўня ў Віцебскім абласным судзе паводле ч. 1 арт. 361-4 (садзеянне экстрэмісцкай дзейнасці) . Які прысуд вынес суддзя Яўген Буруноў, невядома. У Віцебску жанчыну ведаюць як дызайнерку адзення з лёну.

55-гадовага Сяргея Навумава судзілі ў Віцебскім абласным судзе 7 жніўня, разбіраць ягоную справу у быў прызначаны Ігар Макарэвіч. Мужчыну прызналі вінаватым паводле двух крымінальных артыкулаў: ч. 1 арт. 130 (распальванне іншай сацыяльанй варожасці), ч. 1 арт. 368 (абраза Адяксандра Лукашэнкі).

Пра затрыманне Сяргея Навумава стала вядома 16 траўня. «Пакаяльнае» відэа з ім з'явілася ў адным з праўладных тг-каналаў. Там Сяргея абвінавачвалі за допісы, «якія абразілі Лукашэнку». Паводле інфармацыі з сацыяльных сетак Сяргея Навумава, ён нарадзіўся ў вёсцы Падсвілле Глыбоцкага раёна, калекцыянуе манеты і значкі, захапляецца байкерствам.

Алег Астахаў