Паводле матэрыялаў, размешчаных на сайце Аршанскага райвыканкама, флагшток для дзяржаўнага сцяга будзе мець вышыню 58 метраў, яго ўсталююць на двухметровым пастаменце з паліраванага граніта васьміграннай формы На адным з бакоў пастамента будзе размешчаны макет дзяржаўнага герба РБ. Таксама на пляцоўцы плошчай 45х60м (без уліку дарожак па перыметры) ўсталююць памятны знак «у стылізаванай форме дзяржаўнага сцяга» з размешчанымі на ім словамі дзяржаўнага гімна. Запланавана таксама ўсталяванне лавачак, «малых архітэктурных форм» і падсветкі. А яшчэ абяцаюць высадку новых дрэваў і іншых дэкаратыўных раслін.
Дзеля новай плошчы ў парку ўжо знішчылі некалькі вялікіх дрэваў: верагодна, што спілаваныя ліпы былі равесніцамі самога парка, які закладалі вакол Кургана Славы з «вечным агнём» у 1966 годзе.
Выдаткі на плошчу з флагштокам і ўсім астатнім складуць 5,7 мільёнаў рублёў. І гэта пры тым, што дэфіцыт бюджэту Оршы -- 18 мільёнаў рублёў.
«Новая площадь государственных символов станет олицетворением единства и патриотизма жителей Оршанского региона и еще одним местом притяжения и отдыха. Площадь с установкой флагштока с гербом и флагом будет отражать то, что Беларусь состоялась как государство и уверенно смотрит в будущее», -- піша «Аршанская газета».
Нагадаем, што падобная гісторыя ўжо была ў Віцебску. Спачатку гараджан спавясцілі, што ў горадзе жыццёва неабходны флагшток «дзеля выхаванню патрыятызму». А потым высветлілася, што апрача канструкцыі для вывешвання дзяржаўнага сцяга гарадскія ўлады вырашылі стварыць цэлую плошчу. Заўвагі і прапановы гараджан, выказаныя падчас грамадскага абмеркавання, віцебскія ўлады палічылі неістотнымі і зрабілі ўсё так, як спланавалі без «народнага ўдзелу».
Вадзім Пярцоў