Аўторак, 01 Кастрычнік 2024

«Экстрэмісцкай» прызналі старонку ў Facebook рэдактара «Витебский курьер NEWS» Аляксандра Корнышава

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Звесткі пра гэта ўключаны ў абноўлены Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў, які складае Міністэрства інфармацыі. Рашэнне аб прызнанні зместа старонкі "экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй" 25 верасня прызнаў суд Кастрычніцкага раёна Віцебска.

Для Аляксандра Корнышава новы статус яго старонкі ў Facebook стаў нечаканасцю, бо іншыя ягоныя старонкі ў сацыяльных сетках дагэтуль не прыцягвалі ўвагі пракурорскіх работнікаў або судоў.

«Нечакана тым болей таму, што ў Віцебску я прапісаны на тэрыторі Першамайскага раёна, а рашэнне пра мой «экстрэмізм» прымаў Кастрычніцкі райсуд. Зрэшты, тут логікі няма: у 2022 годзе сайт “Витебский курьер news», а таксама наш
Telegram-канал і Telegram-чат былі прызнаныя «экстрэмісцкімі» паводле рашэння суда Чыгуначнага раёна», - кажа Аляксандр Корнышаў.

З лістапада 2020 года ён вымушана жыве ў замежжы. У ліку многіх журналістаў і актывістаў, якія пакінулі радзіму, мужчыну абвясцілі ў міжнародны вышук на тэрыторыі Беларусі і Расіі. Сёлета ў траўні паводле рашэння МУС кааліцыя «Еўрапейскі выбар», удзельнікам якой з'яўляеецца Аляксандр Корнышаў, была прызнана «экстрэмісцкім фармаваннем».

Павел Пагодзін