Згодна з афіцыйнымі паведамленнямі, расколіны ў сцяне аднаго з карпусоў магла ўтварыцца праз «рух грунтовых пародаў». Зразумела, што самае галоўнае ў дадзеным выпадку – гэта бяспека людзей. Не зразумела іншае -- чаму неабходна была «спешная эвакуацыя». Ні для каго не сакрэт, што адзін з будынкаў гімназіі №1 (былой віцебскай школы №15) быў узведзены яшчэ ў 1937 годзе – гэта была так званая «сталінская школа», якія ў той час будавалі масава. Салідны ўзрост будынка нікога не наштурхнуў на думку пра грунтоўнае абследаванне перад пачаткам навучальнага года, калі ўлады праводзяць так званую «прыемку» навучальных установаў – праверку гатоўнасці прыняць вучняў.
А пакуль за нядбайны падыход да праверкі ўмоваў навучання «расплочваюцца» вучні і настаўнікі віцебскай гімназіі. Каля 500 навучэнцаў вымушаны «пераехаць». Старшакласнікаў прынялі аўдыторыі ветэрынарнай акадэміі, якая месціцца літаральна насупраць гімназіі, вучні другіх класаў размеркаваны па найбліжэйшых дзіцячых садках, што ставарае пэўныя назручнасці і для іх, і для дашкольнікаў. Але болей за іншых не пашанцавала вучням 3-х і 4-х класаў, вымушаных ездзіць на вучобу ў СШ №28. Прынятае раённымі ўладамі рашэнне іх бацькам не зразумелае: паблізу ёсць СШ №10 і крыху далей - СШ №3. Чаму абралі менавіта 28-ю школу, да якой дзецям нязручна дабірацца?
Нічога не кажуць ні дзецям, ні дарослым пра тэрміны вымушанага «пераезду»: калі адбудзецца абследаванне будынка з расколінамі, ці падлягае ён рамонту ў кароткія тэрміны або расколіны не нясуць пагроз – пра гэта не паведамляецца. У Віцебску, дарэчы, апошнім часам не было паводак, землятрусаў або іншых надзвычайных здарэнняў, якія маглі б справакаваць «рух грунтоў». Адзінае, што прыгадваюць віцябляне – гэта нядаўні рамонт канцэртнай залы «Віцебск», якая знаходзіцца побач. Людзі выказваюць версію, што «страсянуць» гімназію маглі будаўнічыя працы на тэрыторыі ўстановы культуры.
Дарэчы, даўніх, яшчэ «даваенных» школьных будынкаў, апрача гімназіі №1, у горадзе ёсць яшчэ некалькі. Магчыма, цяпер адмыслоўцы звернуць увагу і на іх, каб не было форсмажораў падчас навучальнага года?
Андрэй Пірагоў