Падчас сёлетняга суботніка срабрыстыя клёны садзіў асабіста старшыня аблвыканкама Аляксандр Субоцін. Ен запэўнівае, што «дрэвы вырастуць невысокія і шарападобныя». І што алея са срабрыстых клёнаў – гэта «символический проект, который будет способствовать укреплению единства народа», піша газета «Витебские вести».
Парк Тысячагоддзя быў заснаваны ў 1974 годзе, калі ўрачыста адзначалася 1000-годдзе Віцебска. Тады гэта была гарадская ўскраіна, якую з часам планавалі "акультурыць", пабудаваўшы на тэрыторыі парка канцэртную пляцоўку, дэкаратыўны басейн з альтанкамі, спартыўны комплекс і пляцоўку з атракцыёнамі. Але з развалам Савецкага Саюза ранейшыя планы былі забытыя, і вярнуцца да іх вырашылі толькі пасля адкрыцця Лядовага палаца ў 1999 г. З тае пары яго штогод спрабавалі "азеляняць" - высаджваць дрэвы на пазначанай на плане тэрыторыі. Прычым рабілі гэта і добраахвотнікі - падчас экалагічных акцый «Самасад», і тыя, хто займаўся «пасадачнымі працамі» падчас суботнікаў.
Штогадовыя «азеляненні» выкліканыя тым, што расліннасць тут не хоча прыжывацца. Пытанне, чаму так адбываецца, хвалюе гараджан ужо даўно. Але іх ніколі не інфармавалі ні пра колькасць загінуўшых саджанцаў, ні пра тое, колькі грошай страчана на «азеляненне», якое не атрымалася.
Магчымы адказ на пытанне аб прычынах гібелі саджанцаў, сам таго не падазраючы, даў некалькі гадоў таму галоўны архітэктар УП «Інстытут Віцебскграмадзянпраект» Аляксандр Зафатаеў. Расказваючы аб перспектывах чарговай рэканструкцыі парка, ён мімаходзь заўважыў, што «азеляненне атрымліваецца некалькі хаатычным» з-за «разгалінаванасці рознага роду сетак, а па гэтай тэрыторыі праходзіць дзве ніткі цеплатрасы». Ён таксама заўважыў, што саджанцы, якія прыжыліся, пры планіроўцы вырашана захаваць, але больш не высаджваць дрэвы там, дзе праходзяць камунікацыі.
Гэтага прынцыпа не заўсёды прытрымліваліся, і ўсё ж некаторыя дрэўцы выжывалі. І калі ў 2021 годзе пачаліся работы па чарговым добраўпарадкаванні парку, іх раптам пачалі прыбіраць. Гараджане ўстурбаваліся, але ім патлумачылі: маўляў, дрэвы прыбіраюць там, дзе запланавана ўладкаванне спортпляцоўкі для сямейнага адпачынку. Адкрыццё абноўленага парка адбылося ўлетку 2023 года. За месяц да яго дзяржаўныя СМІ паведамілі, што на тэрыторыі было зафіксавана больш за 100 загінуўшых дрэваў...
У мінулым годзе тут пачалі высаджваць лабірынт з туй. Сёлета тую ж працу давялося рабіць наноў: на фотаздымках з апошняга суботніка відаць, што дрэвы, пасаджаныя летась, пасохлі і зжаўцелі. Паводле спецыялістаў, туі варта высаджваць увесну, а не ўвосень, бо ёсць рызыка, што расліна не паспее адаптавацца ў грунце да прыходу зімы. Да таго ж туі не выносяць скразнякоў і прамых сонечных прамянёў, а Парк Тысячагоддзя – гэта адкрытая прастора. Урэшце, пры пасадцы туй неабходна шмат вады: 14-16 літраў на кожнае дрэва. Мяркуючы па фатаздымках у газеце «Віцьбічы», пра насычаны паліў не паклапаціліся: саджанцы проста паторкалі ў ямы і засыпалі зямлёй.
Магчыма, што і глеба ў гэтай мясцовасці мае пэўныя асаблівасці, і не ўсе пароды дрэў маюць шанц тут выжыць. Аднак жыхары Віцебска ніколі не чулі, каб гэтае пытанне нехта грунтоўна вывучаў. А вось аб тым, што на чарговым суботніку пасадзілі чарговую сотню саджанцаў за бюджэтныя грошы, ведаюць усё. Бо віцебскія газеты штогод паведамляюць пра тое, як дружна і масава тут праходзіць высадка дрэваў.
Марына Жук