Паводле старшыні аблвыканкама Аляксандра Субоціна, першапачаткова планавалі ствараць Плошчу сцяга і герба больш хуткімі тэмпамі і завяршыць працу ў 2024 годзе, «приурочив открытие к какому-нибудь значимому событию». Аднак будаўнічыя планы замарудзіліся, і, падобна, праз праблемы з фінансаваннем і пастаўкай неабходных матэрыялаў. Бо Аляксандр Субоцін раптам загаварыў пра тое, што «строить надо не спеша и качественно, в том числе, чтобы получилось не очень затратно, в частности, благодаря проведению на объекте субботников».
У інтэрв'ю газеце «Віцьбічы» старшыня аблвыканкама заявіў, што «флагшток для установки на площади уже есть – его подарил меценат, имя которого пока сохраняется в тайне». Колькі гэта каштавала невядомаму дабрадзею – таямніца. Але ў Гомелі, дзе ўжо ўсталявалі падобную канструкцыю, кошт аб'екта два гады таму складаў $700 000.
На новай Плошчы сцяга і герба, у аздабленне якой будуць укладзены вялізныя сродкі, кіраўніцтва вобласці збіраецца праводзіць афіцйныя і ўрачыстыя мерапрыемствы. Тое самае ўлады раней казалі пра Плошчу Перамогі, калі тлумачылі, навошта там знішчаецца расліннасць і вялізная «голая» тэрыторыя проста забрукоўваецца. Месца там для любых мерапрыемстваў цяпер колькі заўгодна – нездарма кіраўнікі вобласці любяць падкрэсліваць, што гэта самая вялікая плошча ў Еўропе...
Некалькі год таму на Плошчы Перамогі ўсталявалі абласную Дошку гонару – таксама далёка не танны аб'ект. А вось цяпер Аляксандр Субоцін выказвае меркаванне, што Дошку гонару варта было б перанесці на новую плошчу. Відавочна, зрабіўшы яе па-новай, бо, аказваецца, «среди областей у нас самая маленькая доска Почета по количеству поощряемых таким образом передовиков. Так что уже было несколько предложений сделать ее чуть шире по размеру, симметрично поставить еще одну тумбу. Достойных людей в регионе хватает, почему бы не отдать им дань уважения таким образом».
Пакуль што гэта выглядае як фантазіі. Але ўстаноўка флагштока ў Віцебску ўжо пачалася. Таксама ўжо зроблены падмуркі пад святладыёдныя экраны. Яны размесцяцца з двух бакоў ад флагштока. Абсталяванне будзе пастаўлена ў лістападзе разам з магутнай акустычнай сістэмай. Тады ж плануецца ўстанавіць інтэрактыўную панэль каля цэнтральнага ўваходу на плошчу. Флагшток будзе размешчаны ў цэнтры пляцоўкі квадратнай формы плошчай 2,5 тысячы квадратных метраў. З улікам зялёнай зоны і пешаходных дарожак агульная тэрыторыя аб'екта будзе яшчэ большай. Пры афармленні плошчы будзе выкарыстаны граніт трох радовішчаў: Дзімаўскага і Краснагорскага ў Ленінградскай вобласці і з Узбекістана. Колькі будзе каштаваць бюджэту ўся гэта раскоша, жыхарам горада не кажуць.
Аліна Пятрова