«Не дарога, а проста песня! Роўная, без ямін, можна смела ехаць хоць на самакаце, хоць на веласіпедзе. Вялікі дзякуй кіраўніцтву раёна, дарожным работнікам за клопат і старанне!» - цытуе выданне словы жыхаркі вёскі Бондарава.
Новы асфальт, паводле «раёнкі», з'явіўся не таму, што дбаць пра інтарэсы жыхароў – абавязак мясцовай улады. А таму, што «падчас дня работы з насельніцтвам у Каўлякоўскім сельсавеце да прадстаўнікоў раённай улады звярнуліся жыхары вёскі Бондарава з просьбай адрамантаваць дарогу». Вось толькі ў якім годзе быў той самы «дзень», не здакладняецца.
Але нескладаны пошук на сайце раённага выдання выдае інфармацыю, што на стан дарог у Каўлякоўскім сельсавеце мясцовыя жыхары скардзіліся і ў далёкім 2012-м годзе, і трохі пазней – у 2016-м...
Перад чарговай прэзідэнцкай выбарчай кампаніяй мясцовыя ўлады ствараюць «прыгожую карцінку» - дэманструюць дасягненні апошніх 30-ці гадоў. Пахваліцца Каўлякоўскаму сельсавету асабліва няма чым: колькасць насельніцтва скарачаецца, вёскі стаяць бязлюдныя, хіба толькі «дачнікі» з'яўляюцца ўлетку, працы практычна няма... Вось і даводзіцца хваліцца хаця б тым, што тут палажылі 853 метры новага асфальту.
Рэгіна Шолах