Паводле слоў Вячаслава Дурнова, рашэнні, якія прымаюцца мясцовымі ўладамі, арыентаваны на чалавека і грунтуюцца на прамым дыялогу. Але чамусьці мясцовыя ўлады гадамі не могуць вырашыць пытанні, якія сталі ўжо традыцыйнымі і паўтараюцца на ўсіх прыёмах грамадзян і дамінуюць у пераважнай колькасці зваротаў да ўладаў. Гэта праблемы, звязаныя з рамонтам і ўтрыманнем жыллёвага фонду, а таксама вулічнай дарожнай сеткі.
«Аднаўленне дарожнага пакрыцця патрабуе значных бюджэтных затрат», -- цвердзіць чыноўнік. Тым часам як дзяржаўныя СМІ распавядаюць пра «эканамічныя поспехі, якіх Беларусь дасягнула за апошнія 30 гадоў, застаецца не зразумелым, чаму грошай на дарогі і рамонты пастаянна бракуе.
Не зразумела таксама, чаму, па словах Вячаслава Дурнова, праблемы вырашаюцца (калі вырашаюцца) пасля зваротаў грамадзян, а не паводле маніторынгу, які абавязаны праводзіць мясцовыя ўлады.
Вячаслаў Дурноў быў прызначаны на пасаду намесніка старшыні аблвыканкама па пытаннях сацыяльнай сферы і ідэалогіі ў 2022 годзе. Ён ураджэнец Полаччыны, вучыўся ў ПДУ, доўгі час жыў і працаваў у Наваполацку. У маладосці прафесійна займаўся воднымі лыжамі, быў чэмпіёнам свету і Еўропы. Завяршыўшы спартыўную кар'еру, стаў трэнерам, а затым - дырэктарам СДЮШАР у Наваполацку. У 2009 годзе яго прызначылі начальнікам аддзела фізкультуры, спорту і турызму Наваполацкага гарвыканкама, праз год - намеснікам старшыні гарвыканкама.
Далей Дурноў кіраваў Наваполацкім гарадскім Саветам дэпутатаў, у 2017 годзе быў пераведзены ў Мінск і заняў пасаду першага намесніка міністра спорту і турызму. І праз 5 гадоў былы прафесійны спартовец быў прызначаны ў Віцебскі аблвыканкам, каб кіраваць «сацыялкай» і «ідэалогіяй».
Марта Шарыгіна