Да прыкладу, на сайце раённай газеты «Полацкі веснік» выйшаў тэкст пад загалоўкам «Абсолютное большинство беларусов принимают участие в выборах». Пасыл зразумелы: не пойдзеш на выбары – трапіш у «адшчапенцы», бо ўсе іншыя людзі ходзяць, і гэта агульнапрынята. Між тым, нават са 1580-ці рэспандэнтаў толькі 65,1% адказалі «всегда принимаю участие в выборах».
На сайце газеты «Лепельскі край» з'явіўся матэрыял «Абсолютное большинство белорусов доверяют Президенту Республики Беларусь». «Доверяю», паводле спасылкі на дырэктара аналітычнага цэнтра EсооM Сяргея Мусіенку, адказалі 80,4% рэспандэнтаў. Нагадаем, са 1580-ці удзельнікаў, запрошаных да ўдзелу ў апытанні. Што зусім не дзіўна: калі чалавек удзельнічае ў апытанні ад імя дзяржаўнай структуры, то малаверагодна, што ён насмеліцца даць адмоўны адказ.
Шырока вядома, што з 2004 года Аналітычны цэнтр ЕсооМ з’яўляецца традыцыйным партнёрам Цэнтрвыбаркама. Цэнтр мае права праводзіць сацыялагічныя апытанні, якія адносяцца да выбараў прэзідэнта, таму актыўнасцю ЭсооМ адзначаецца адзін раз на 5 гадоў— у перыяд прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі. У 2020 годзе паводле сацыялагічнага даследавання, праведзенага гэтым аналітычным цэнтрам, больш за 69,4 % апытаных па тэлефоне рэспандэнтаў былі гатовыя прагаласаваць за Аляксандра Лукашэнку, а рэйтынгі астатніх прэтэндэнтаў у кандыдаты не перавышалі сумарна 14,6 %. Рэйтынг даверу дзеючаму прэзідэнту паводле EсооM тады складаў 78,3%. Гэтыя лічбы выразна адрозніваліся ад вынікаў даследаванняў Інстытута сацыялогіі НАНБ, якія праводзіліся ў сакавіку— пачатку красавіка 2020 года і паказалі рэйтынг Лукашэнкі ў сталіцы на ўзроўні 24%.
Газета «Віцьбічы» перадрукавала паведамленне БЕЛТА «Белстат: 90% семей в Беларуси заявляют, что довольны своей жизнью». Гэтая інфармацыя ўвогуле аніяк не расшыфроўваецца, і застаецца незразумелым, па якіх крытэрыях вызначаецца «задаволенасць сваім жыццём». У якасці доказаў прыводзіцца наступныя лічбы: велічыня сярэдняга заробку (Br1915,9), які чамусьці параўноўваецца ажно з 2000 годам.
Між тым «сярэднія» паказнікі па краіне сведчаць мала аб чым. Але дакладна вядома, што ў Віцебскай вобласці з ліпеня гэтага года назіраецца ўстойлівае зніжэнне сярэдняга заробка. Да прыкладу, у верасні ў параўнанні са жніўнем гэтая велічыня зменшылася на 35 рублёў.
Выкарыстоўваюць СМІ Віцебскай вобласці і традыцыйныя метады «маральнага» ціску на выбаршчыкаў, цытуючы меркаванні кіраўнікоў рознага ўзроўню і прадстаўнікоў улады. Звычайна гэта дэмагагічныя заклікі «зрабіць выбар на карысць захавання міру» або «прагаласаваць за далейшы росквіт» краіны. Так, тая ж газета «Віцьбічы» цытуе старшыню Віцебскага абласнога аб'яднання прафсаюзаў Юрыя Дзеркача, які кажа, што «у граждан растет интерес к главному общественно-политическому событию следующего года». Па сутнасці, гэта той самы прыём, як і з «абсалютнай большасцю». Таксама Юры Дзеркач падкрэслівае сваю ўпэўненасць у тым, што будзе абраны «руководитель, являющийся гарантом Конституции Республики Беларусь, продолжит стратегический курс, направленный на созидание и процветание нашей суверенной страны». Словы пра «гаранта Канстытуцыі», які «працягне» ранейшую дзейнасць, не пакідаюць сумневаў у тым, каго «абярэ народ».
Міхаіл Губанаў