Пацярпелыя знаходзяцца ў розных медычных установах Віцебска, двое ў у рэанімацыі Віцебскай абласной клінічнай бальніцы. Пацярпелі таксама двое дзяцей. Падчас эвакуацыі адна дзяўчынка атрымала вывіх ногі. Другая знаходзіцца ў рэанімацыі дзіцячага абласнога клінічнага цэнтра, яе стан ужо здавальняючы.
У сацыяльных сетках гараджане дзеляцца аповедамі пра тое, як ратавалі тых, хто побач, і гандляры, і ахоўнікі, і наведнікі гандлёвага цэнтра. Віцябляне годна і салідарна паводзілі сябе нават ва ўмовах смяротнай небяспекі.
Па факце пажару ў віцебскім гандлёвым цэнтры "Беларусь" узбуджана крымінальная справа. па ч.2 арт. 304 КК (парушэнне патрабаванняў пажарнай бяспекі, якое пацягнула па неасцярожнасці прычыненне ўрону ў буйным памеры). Афіцыйныя крыніцы паведамдяюць, што следчыя адбіраюць неабходную дакументацыю, дапытваюць сведкаў і пацярпелых. У мэтах гарантавання бяспекі і правядзення неабходных следчых мерапрыемстваў доступ грамадзянскіх асоб у будынак гандлёвага цэнтра закрыты. Органамі ўнутраных спраў арганізаваны кругласутачны нагляд за будынкам і ўсёй маёмасцю, якая знаходзіцца на тэрыторыі гандлёвага цэнтра.
Як можна меркаваць па здымках, апублікаваных на Тэлеграм-канале "Витебская область. Официально", унутры месцамі выгарэла практычна ўсё. Уласнік ГЦ "Беларусь" Віктар Велюга распавёў, што арандатараў павільёнаў запросяць у іншыя гандлёвыя цэнтры. Чым яны мусяць гандляваць, калі ў некаторых згарэла ўсё, што яны мелі...
Уваход у ГЦ "Беларусь" зачынены. Віцебскі гарвыканкам заклікае індывідуальных прадпрымальнікаў, чыя маёмасць засталася ў гандлёвым цэнтры, праяўляць разуменне і выконваць указанні праваахоўных органаў.
Аляксей Заўялаў