1. Аб гатоўнасці пайсці насустрач пацярпелым заявілі прадстаўнікі ПУП "МегаЕўратэкс"
"МегаЕўратэкс" – гэта і ёсць кампанія Віктара Вялюгі, уладальніка гандлёвага цэнтра, дзе адбыўся пажар. Яму ж належаць яшчэ некалькі гандлёвых цэнтраў у Віцебску. Некаторыя з іх трапяць пад адмысловую праверку пасля надзвычайнага здарэння ў «Беларусі».
Цяпер «МегаЕўратэкс» гатовы вярнуць арандатарам ГЦ "Беларусь" арэндную плату за снежань, даць вольныя месцы для працягу дзейнасці ў іншых аб'ектах "МегаЕўратэкс" на льготных умовах. А менавіта: без спагнання платы да 1 лютага 2025 года, а потым з 50-працэнтнай скідкай.
Арэндадаўца таксама акажа дапамогу з вывазам абсталявання і маёмасці.З сённяшняга дня прадпрымальнікам дазволена вывезці з ГЦ «Беларусь» сваю маёмасць. Гэта будзе адбывацца ў прасутнасці прадстаўнікоў страхавой кампаніі і міліцыі.
2. «Каб не яны, ахвяраў магло б быць значна болей»
Прадпрымальнікі выступілі з ініцыятывай узнагародзіць іх калег Мікіту Чарвякова, Аляксея Гінько, Андрэя Матусевіча, Уладзіслава Ўдавенку і Міхаіла Маторына ( ён дагэтуль знаходзіцца ў шпіталі), а таксама наведніка ГЦ «Беларусь» Артура Ляхоўскага, якія ў першыя хвіліны пажару пачалі выводзіць людзей на вуліцу.
Гераізм гэтых людзей увесь гэты час прымоўчваўся, хаця дзяржаўныя выданні ўжо паспелі напісаць пра прафесійную працу выратавальнікаў і нават пра трох выхаванцаў вайскова-патрыятычнага клуба, якія «дапамагалі разварочваць пажарныя рукавы» і «трымалі лесвіцу пажарнай машыны». Хто дазволіў падлеткам знаходзіцца паблізу небяспечнага аб'екта, застаецца невядомым. Таму незразумела, ці насамрэч прафесіяналам была неабходная дапамога школьнікаў, ці ўсё гэта адбылося ў выніку таго, што сітуацыя была некантраляванай.
3. У бальніцах Віцебска знаходзяцца 9 пацярпелых
Адна жанчына з ліку шпіталізаваных – у цяжкім стане. Па стане на першыя суткі пасля пажару ў віцебскія медычныя ўстановы Віцебска трапілі 20 чалавек. Часта з іх ужо выпісана. Смяротных выпадкаў не зафіксавана.
4. Найверагодней, прычына пажару – кароткае замыканне
«На сёння агляд месца здарэння скончаны. Калі казаць аб выніках, то нашымі спецыялістамі зафіксаваны непраектныя змены, якія ўнесены ў электраправодку. Ёсць прыкметы працы электрычных сетак у аварыйным рэжыме. Калі казаць простымі словамі, гэтае кароткае замыканне. Вызначаны ачаг пажару па характэрных прыкметах, ён складаў 20х20 м», - сказаў старшыня Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз Аляксей Волкаў.
Міністр па надзвычайных сітуацыях Вадзім Сіняўскі падкрэсліў, што вядзецца пазапланавая праверка ўсіх аб'ектаў, якія належаць Віктару Вялюгу. Апрача гэтага, міністр заявіў, што МНС будзе настойваць на ўрэгуляванні пытання, звязанага з абавязковымі патрабаваннямі па абслугоўванні энергаўстановак. Пакуль яны з'яўляюцца неабавязковымі, і за гэта ўласнік аб'екта не нясе ніякай адказнасці. Але гэта трэба выправіць.
Магчыма, у патрабаванні да гандлёвых цэнтраў будзе ўнесена і забарона на размяшчэнне дзіцячых забаўляльных цэнтраў на верхніх паверхах будынкаў, бо гэта ўскладняе эвакуацыю падчас надзвычайных здарэнняў.
Эвеліна Кожук