Пятніца, 20 Снежань 2024

На чарговым дні інфармавання ў Оршы выступоўцы прадэманстравалі добрае веданне метадычкі

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Гэта не метафара і не перабольшванне: падчас адзінага дня інфармавання, які прайшоў у сярэдняй школе №5 перад настаўнікамі гэтай і іншых навучальных установаў выступіла начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі Аршанскага райвыканкама Марыя Шматава. Давайце звернем увагу на змест яе прамовы.

Чыноўніца расказала, «які шлях прайшла Беларусь за апошнія 30 гадоў, каб быць незалежнай і суверэннай, мірнай, спакойнай, гасціннай краінай», піша «Аршанская газета». І цытуе выступ спадарыні Шматавай: «Пройдя испытания 2020 года, выдерживая давление беспрецедентных санкций, наша страна продолжает созидательное развитие, твердо расставляя приоритеты: мир и народное единство, сохранение исторической памяти и традиционных ценностей, добрососедство и смелые инициативы».

А цяпер сочым і здзіўляемся. Інтэрнэт -рэсурс Беларускага дзяржаўнага універсітэта транспарта цытуе загадчыцу кафедры «Філасофія, гісторыя і паліталогія»: «Пройдя испытания 2020 г., выдерживая давление беспрецедентных санкций, наша страна продолжает созидательное развитие, твердо расставляя приоритеты: мир и народное единство, сохранение исторической памяти и традиционных ценностей, добрососедство и смелые инициативы».

Наступная цытата ўжо з Маладзечненскага сайта дзяржаўнага выдання: «Пройдя испытания 2020 г., выдерживая давление беспрецедентных санкций, наша страна продолжает созидательное развитие, твердо расставляя приоритеты»... І ў Буда-Кашалёве намеснік старшыні райвыканкама Арцём Грышай гаварыў тое самае.

Ды што там кіраўнікі раённага ўзроўню! Сам міністр МНС Вадзім Сіняўскі на сустрэчы з мінскімі прадстаўнікамі свайго ведамства паўтарыў метадычку слова ў слова. Можна запытаць у Google, дзе яшчэ прагучалі гэтыя  шаблонныя фразы. і ён прапануе яшчэ  дзясяткі прыкладаў таго, як беларусаў спрабуюць замбіраваць няшчырымі выступамі. Застаецца незразумелым: ці гэта выступоўцы-агітатары так аддана вывучылі напісаныя іншымі тэксты, ці журналісты дзяржаўных выданняў «уклалі ім у вусны» пасажы, прачытаныя ў той самай метадычцы.

На каго разлічаны такі грубы ідэалагічны прыем, таксама ўцяміць цяжка. Бо сёння практычна кожны цывілізаваны чалавек валодае інтэрнэтам у той ступені, каб набраць у пошукавіку некалькі словаў і высветліць, што яны ідуць далёка не ад чыстага сэрца.

Ларыса Панамарова