Усяго плануецца закупіць 107 адзінак трэнажораў і камплектуючых да іх па 34 пазіцыях.
6 лістапада старшыня Віцебскага гарвыканкама Аляксей Героеў правёй выяздную нараду ў лазнева-аздараўленчым комплексе па вул. Воінаў-Інтэрнацыяналістаў у Віцебску, які ўжо 13 гадоў абяцаюць «вось-вось адчыніць». Падчас нарады старшыня гарвыканкама паабяцаў, што аб'ект будзе ўведзены ў строй у першым квартале 2025 года. І сказаў, што будзе асабіста кантраляваць хаду будаўніцтва.
Між тым Аляксей Героеў - ужо пяты кіраўнік гарадской адміністрацыі, пры якім спрабуюць завяршыць адзін з самых вядомых «даўгабудаў» у горадзе.
Будаўніцтва лазневага комплекса пачалося ў 2011 годзе ,падчас кіравання старшыні Віцебскага гарвыканкама Віктара Нікалайкіна. У 2018 годзе незавершаны аб'ект перадалі на баланс Віцебскага прадпрыемства кацельняў і цеплавых сетак. У 2020 годзе гарвыканкам паведамляў, што новая ўстанова ўжо хутка адчыніцца.
Але гэтага не адбылося, і ў красавіку 2022 года на будпляцоўцы сабралі «штаба», у пасяджэнні якога прынялі ўдзел намеснік старшыні гарвыканкама Сяргей Саглаеў, дырэктар арганізацыі заказчыка - Віцебскага прадпрыемства кацельняў і цеплавых сетак Пётр Бараноўскі, генеральны дырэктар генпадраднай арганізацыі - ААТ Будаўнічы трэст № 9, г. Віцебск» Уладзімір Ленчыкаў. Тады вырашылі, што ўвесці ў строй лазню змогуць у 2023 годзе. Гарвыканкам ужо нават абвясціў пошук ахвотных набыць памяшканні ў гэтым комплексе для арганізацыі грамадскага харчавання або фізкультурна-аздараўленчай дзейнасці.
Паводле сайта будаўнічага трэста №9 аб'ект ужо дзейнічае. Ёсць там і дазні з басейнамі, і бар, і цырульня, і зала Спа-працэдур, і спартовы комплекс.
Аднак ўсё гэта мары, увасабленне якіх абвергне кожны віцяблянін. Будаўніцтва паўтара гады таму было спынена. І цяпер чарговы кіраўнік горада чарговы раз узяў пад асабісты кантроль недабудаваную лазню. Будаўніцтва яшчэ не завершана, а трэнажоры ўжо купляюць, прычым за грошы з гарадскога бюджэта.
Віктар Баландзін