Панядзелак, 05 Май 2025

У Оршы паставяць памятны знак - стэлу. Конкурс скульптараў ужо правялі, але вынік не вядомы

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Увогуле ўся гэтая гісторыя крыху анекдатычная: 30 сакавіка дзяржаўныя СМІ абвясцілі грамадскасці, што Оршу ( і Баранавічы) вылучылі на прысваенне ганаровага звання «Горад працоўнай славы.1941-1945» ў межах праекта СНД да 80-годдзя перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне.  Але Аршанскі райвыканкам яшчэ за тыдзень да з’яўлення гэтай навіны ўжо абвясціў мастацкі конкурс: паводле праекта СНД, у гарадах, уганараваных такім званнем, мусяць з’явіцца адмысловыя стэлы.

Паводле ўмоваў конкурсу, стэла павінна быць ад 7 да 9 метраў вышынёй і мусіць быць  выканана «в наилучших традициях классического и национального монументального искусства».  Таксама райвыканкам парэкамендаваў аўтарам размясціць на гэтым памятным знаку герб Оршы, ордэн Леніна і медаль «Серп і молат» — узнагароды горада.  І гэта далёка не ўсё: "На горизонтальной части памятного знака в виде ретроспективной ленты можно изобразить сферы достижений Героев труда из важнейших для Оршанского района символов: советской боевой машины реактивной артиллерии периода Второй мировой войны (БМ-13), железнодорожного узла (изображение довоенного паровоза и поезда 50-60-х гг.), знаковой символики для сельского хозяйства ( цветков льна, льняных снопов, трактора, колосьев), продукции предприятий города (станки, отдельные детали)”. 

Ці справіліся з гэтым заданнем творцы, дагэтуль не вядома, хаця конкурсныя працы трэба было прадставіць да 8 красавіка 2025г.  - усяго два тыдні далі скульптарам  на роздумы і творчасць.

Мінуў месяц, але аршанцаў дагэтуль не пазнаемілі з праектам-пераможцам і не прапанавалі яго да грамадскага абмеркавання. Аднак пляцоўку для стэлы на скрыжаванні вуліц Грыцаўца і Заслонава ўжо рыхтуюць. Раней там быў невялікі парк - дакладней, зялёны “пятачок”, дзе раслі дрэвы, ствараючы ўтульнасць для жыхароў найбліжэйшых дамоў. Цяпер частку дрэваў выкарчавалі, на бліжэйшых сотнях метраў гарадскіх вуліц з’явіўся новы асфальт. Але калі плануюць адчыняць стэлу, пакуль не паведамляецца.

А самае смешнае, што дагэтуль так і не зразумела, ці далі Оршы званне «Горад працоўнай славы.1941-1945»,  ці толькі вылучылі на яго.

Алег Якаўлеў