Панядзелак, 09 Чэрвень 2025

Пракуратура Віцебскай вобласці - пра недапушчальнасць распаўсюду фотаздымкаў іншых асоб у інтэрнэце. Але есць нюансы

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

У абласной газеце “Витебские вести” разглядаецца  выпадак, звязаны нібыта “жыхаром Віцебска”, які быццам бы заўважыў у папулярных пабліках свой фотазымак, зроблены без ягонай згоды. І быццам бы зацікавіўся, ці ёсць падставы з гэтай нагоды прыцягнуць да адказнасці адміністратара пабліка. Прадстаўнік пракуратуры тлумачыць, што падставы ёсць. Аднае звернем увагу на некаторыя моманты.

Найперш кідаецца ў вочы заўвага “безназоўнага жыхара Віцебска”, што фотаздымак ён палічыў “няўдалым”. Гэта значыць, што ў выпадку, каб фотаздымак яму спадабаўся, ніякіх прэтэнзій бы не было?

Па-другое, у дадзеным выпадку вядзецца пра фотаздымак чалавека, зроблены кімсьці іншым і кімсьці іншым размешчаны ў інтэрнэце. Пракурор аддзела пракуратуры Вадзім Лісаў тлумачыць, што  “в данном случае можно вести речь о неправомерном распространении персональных данных. Под ними понимается любая информация, относящаяся к идентифицированному физическому лицу или физическому лицу, которое может быть идентифицировано. Словом, распространение в соцсетях фотоизображений, видео-аудиозаписей конкретного лица без соответствующего согласия является нарушением, которое влечет ответственность”. 

Аднак насамрэч усе не так проста: мае значэнне, ці “жыхар Віцебска” быў сфатаграфаваны адзін або ў групе людзей, у грамадскім месцы або на сваёй правытнай тэрыторыі, як прыватная або службовая асоба падчас выканання службовых абавязкаў і гэтак далей. Усе гэтыя нюансы прадстаўнік пракуратуры праігнараваў, заявіўшы пра немінучую адказнасць за здымкі без згоды “аб’екта”.

Есць і яшчэ адзін аспект, звязаны з распаўсюдам фатаграфічных выяваў. Нярэдка сам чалавек выкладае ў сацсеткі ўласныя фотаздымкі, а потым абураецца, што медыярэсурсы іх знаходзяць і выкарыстоўваюць. У такіх выпадках абурэнне беспадстаўнае: калі чалавек выкладвае нешта ў адкрытых крыніцах, якімі з’яўляюцца сацыяльныя сеткі, то гэта аўтаматычна азначае, што іх можа бачыць неакрэсленае кола асобаў. Калі хочацца прыватнасці ў гэтых пытаннях, то ў сацсетках існуюць механізмы абмежавання паказу фотаздымкаў і іншай інфармацыі пра іх гаспадара.

Павел Раманенка