Тэма будаўніцтва аквапарка, дакладней абяцанняў, звязаных з гэтым аб’ектам, была ў чарговы раз узнята ў пачатку гэтага года. 23 студзеня старшыня Віцебскага гарвыканкама Аляксей Героеў заявіў, што ўжо «актыўна» вядзецца работа па зносе карпусоў завода «Віцязь» - былога флагмана па выпуску вядомых у СССР каляровых тэлевізараў. Перапрафіляваць вытварчасць так і не змаглі, і цяпер зносяць. Але апрача расплывістых абяцанняў спадар Героеў нічога больш канкрэтнага не паведаміў: «Заявленный инвесторами проект будущего аквапарка очень дорогостоящий. Кроме самого развлекательного заведения на его территории появятся тренажерный зал и гостиничный комплекс. Предварительные сроки реализации проекта при эффективной работе и необходимом финансировании — около двух лет”
З часам высветліліася, што праект распрацоўвае віцебскае прыватнае прадпрыемства «Квант-Проект», якое ніколі раней не займалася такімі складанымі і маштабнымі аб’ектамі. Але, паводле праекціроўшчыкаў, яны вывучылі “найлепшы сусветны досвед”, і абяцаюць што віцебскі аквапарк будзе другім па велічыні ў Беларусі - пасля мінскага.
Праектныя матэрыялы былі апублікаваныя. Але потым праект комплекса пад гучнай назвай “Круіз” адпраўлены на дапрацоўку. Па выніках грамадскага абмеркавання з улікам думкі адмыслоўцаў архітэктурна-горадабудаўнічай рады было прызнана, што засталіся няўзгодненымі пытанні з санітарна-абароннай зоны аб’екта - бо ў суседніх карпусах ідуць вытворчыя працэсы. А таксама патрэбна ўзгадненне , што да распрацоўкі праекта суседняга жылога квартала па вуліцы Новааршанскай.
Цяпер віцяблянам паведамляюць, што “канцэпцыя праекта дапрацавана”, але да будаўніцтва, атрымліваецца, яшчэ вельмі далёка.
Зрэшты, аквапарка ў гэрадзе чакаюць ужо больш за дзесяць гадоў - з 2014 года. Тады ў абласным цэнтры абяцалі збудаваць аквапарк і нават цэлы Палац водных відаў спорта. У 2020-м годзе аквапарк збіраліся размясціць у раёне вуліцы Труда, у 2024-м – загаварылі пра аквапарк у парку 1000-годдзя Віцебска. Сёлетнія абяцанні - гэта цэлы комплекс, куды плануюць уключыць і гатэль больш як на 50 чалавек, і каворкінг-цэнтр, і фудкорт з рэстарацыяй.
Петр Магніцкі