Пятніца, 05 Верасень 2025

Адразу 8 ураджэнцаў з Віцебшчыны ўключылі ў пералік “экстрэмістаў”

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

У абноўленым 5 верасня пераліку “асобаў, датычных да экстрэмісцкай дзейнасці”, згадваюцца 8 асобаў з Віцебскай вобласці. Некаторыя з іх асуджаны па справе “Беларускага Гаюна”, некаторыя - па справе палка Каліноўскага.  Віцябляніна Сяргея Тулінава, як вынікае са спіса на сайце МУС,  асудзілі за абразу Лукашэнкі, абразу прадстаўніка ўлады, абразу суддзі і распальванне варожасці. Шэраг абвінавачанняў застаецца невядомым.

Сяргей Тулінаў прызнаны вінаватым паводле ч.1 арт.130, ч.1 арт. 368, арт.369 і арт.391 КК РБ. Справу 42-гадовага жыхара абласнога цэнтра разглядаў Віцебскі абласны суд. На сайце міліцэйскага ведамства пазначана, што мужчына “адбывае пакаранне”. Паводле сацсетак, мужчына жанаты і з'яўляецца бацькам траіх малалетніх дзяцей. 

Аляксандр Манчынскі і Павел Кахновіч трапілі ў “экстрэмісцкі” пералік па выніках справы палка Каліноўскага - сёлета 15 траўня ім вынесены завочныя прысуды ў судзе Брэсцкай вобласці, але якія канкрэтна - не вядома. Абодва прызнаныя вінаватымі па арт. 361-1 Крымінальнага кодэкса — Стварэнне экстрэмісцкага фармавання або ўдзел у ім; арт. 361-4 Крымінальнага кодэкса — Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці; арт. 361-5 Крымінальнага кодэксу — Праходжанне навучання або іншай падрыхтоўкі для ўдзелу ў экстрэмісцкай дзейнасці.

Ёсць падставы меркаваць, што дадазеныя ў пералік “экстрэмістаў” глыбачанін Леанід Шпец і ўраджэнец вёскі Стары Лепель Вячаслаў Сямёнаў былі затрыманы і асуджаны па справе “Беларускага Гаюна”. Яны абодва прызнаны вінаватымі паводле чч. 1 і 2 арт.  361-4 КК РБ - Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці, і абодва, паводле сайта МУС,  зараз “адбываюць пакаранне”. 

У “экстрэмісцкі спіс” трапілі яшчэ тры чалавекі, якіх прызналі вінаватымі ў “садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці”. Гэта 32-гадовая Таццяна Маханёк (чч. 1 і 2 арт. 361-4 КК РБ) , 50-гадовая Анжаліка Шабанава (ч. 1 арт. 361-4 КК Р і 41-гадовы Леанід Сярэбраннікаў (ч. 1  арт. 361-4 КК РБ). Сутнасць абвінавачанняў супраць іх пакуль не ведомая, але, падобна, што асудзілі іх да “хатняй хіміі”.

Алег Папоўскі