Субота, 24 Студзень 2026

Віцяблянка Дар’я Андронава распавяла пра булінг за беларускую мову

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Пры гэтым Дар’я Андронава займае прынцыповую моўную пазіцыю і прытрымліваецца яе паўсюль. Дзяўчына працуе з сферы ІТ-адукацыі, а ў Віцебску яе ведаюць як аўтарку шмат якіх культурніцкіх праектаў. І непрымальнае стаўленне да яе свядомага выбару  сведчыць і пра тое, у якім загнаным становішчы апынулася беларуская мова, і пра ганебна нізкі агульнакультурны ўзровень тых, хто нападае на Дар’ю.  

«Цікава, ці сустракаюцца беларускамоўныя зараз у Беларусі з булінгам. Асабіста ў мяне ў Віцебску ёсць такія прыклады: гінеколаг адмовілася прымаць і адправіла да іншага доктара. Уролаг здзекаваўся з маёй беларускамоўнасці, калі я ледзь не рыдала ад болю з-за цыстыту. Замест пастаноўкі дыягназа анеміі гематолаг выклікала калег і паказвала ім мяне як малпу ў цырку. Адмаўляліся выклікаць таксі. Таксіст пры маім жа вучні абражаў мяне за мову. На былой дзяржаўнай працы ў сферы культуры прымушалі перакладаць справаздачы на рускую», - напісала   дзяўчына ў Threads.

Паводле яе назіранняў, некаторыя ставяцца да беларускамоўнасці калі не агрэсіўна, то занадта падазрона: “Пытанні, што ды чаму,  што я прыналежу да нейкага забароненага кола - гэта пастаянна. Калі сустракаюся з зацверджаннямі, што беларускамоўныя агрэсіўныя ці не любяць стасавацца, то камон, рабяты - асабіста я ўжо амаль 10 гадоў пастаянна ў абарончай стойке, калі з дому выходжу”.

 У свой час Дар’я Андронава была кіраўніцай шмат якіх дзіцячых самадзейных калектываў, у тым ліку аматарскага інтэрактыўнага дзіцячага тэатры "Зазеркалье" і калектыва Cool Kids, які працаваў у жанры флоу-арт. Яна вялікая аматарка  мастацтва працы з агнём, арганізатарка першага ў Віцебску фестываля фаер-шоу Burnt Out, які прайшоў у 2021 годзе, калектывы пад яе кіраўніцтвам стала ўдзельнічаюць у фестывалі "на сямі вятрах" падчас "Славянскага базара ў Віцебску". 

Марына Плятнёва