Жыхары Полацку цяпер шукаюць знаёмых юрыстаў, каб абараніць свае правы пакупнікоў. Затое ў горадзе як грыбы растуць будоўлі новых супэрмаркетаў. Мабыць, гэта змова гандлёвых арганізацыяў?
Праблемы ў пакупнікоў пачаліся пасьля ўнясеньня зьменаў у заканадаўства, у выніку якіх таварыства абароны спажыўцоў (ТАС) засталося безь дзяржаўнай падтрымкі. У Полацкае аддзяленьне ТАС за год зьвярнулася больш за сто пакупнікоў па абарону ад нядобрасумленных вытворцаў і гандляроў. Юрысты таварыства працавалі часта бязвыплатна, аказваючы дапамогу пакупнікам па прадстаўленьні іх інтарэсаў, напісаньні пазоваў у суды і кансультацыі праз тэлефон. Але ўведзеная плата за арэнду памяшканьня стала непад’ёмнай для абаронцаў спажыўцоў.
Раней Полацкае ТАС дзяліла арэндную плату з партыяй камуністаў, потым арандавала самастойна. З-за праблемы спагнаньня даўгоў з парушальнікаў правоў пакупнікоў у таварыства ўтварылася запазычанасьць за арэнду памяшканьня перад КУП ЖКГ. Далей плацяжы за арэнду камунальнікі залічвалі як пеню за несвоечасовую аплату.
Каб неяк вырашыць праблему арэнды таварыства прапанавала ЖКГ зьмяніць дамову і зрабіць сумесную арэнду зь іншай арганізацыяй, але камунальнікі не пагадзіліся. У лютым 2013 году ТАС выселілі з памяшканьня праз суд. Дарэчы, гэтае памяшканьне ўжо 8 месяцаў пустуе і не прыносіць прыбытку ЖКГ, што сьведчыць пра безгаспадарлівае распараджэньне дзяржаўнай, народнай уласнасьцю.
Рэспубліканскае таварыства абароны спажыўцоў вырашыла ў лютым ліквідаваць полацкае аддзяленьне з-за запазычанасьці і адначасова стварыць і зарэгістраваць новае. Было арандаванае невялічкае памяшканьне з маленькай арэнднай платай і пададзеныя дакумэнты на рэгістрацыю. Але Полацкі райвыканкам адмовіўся рэгістраваць ТАС, спасылаючыся на дрэнныя санітарныя ўмовы арандаванага памяшканьня.
Аднак полацкія абаронцы спажыўцоў не здаюцца. 1 кастрычніка яны зноў падалі ў мясцовы орган улады дакумэнты на рэгістрацыю таварыства. Адказу пакуль няма.