«Iнспэктар ня быў апрануты па форме і спыніў машыну не па правілах, - нагадаў абставіны інцыдэнту Міхаіл, які ехаў у якасьці пасажыра і распаўсюдзіў ролік. - Кіроўца Mercedes (у якім усталяваны рэгістратар) ня даў перабудавацца Volkswagen перад уездам на мост. Перад мастом наш кіроўца скінуў хуткасьць. Мабыць, Volkswagen хацеў перабудавацца ў наш шэраг. У выніку з-за нашага манэўру ня змог. Але мы і не абавязаныя былі яго прапускаць. Нам пагражалі пазбавіць правоў, зьневажалі».
Міхаіл адразу запэўніў: «Нікуды, ні ў якія органы мы ня маем намеру зьвяртацца». Аднак, паводле яго слоў, зь міліцыі патэлефанавалі самі - пасьля зьяўленьня нататкі ў СМІ. ДАІ Віцебскай вобласьці ў дзень абвяшчэньня запісу паведаміла, што будзе праведзенае разьбіральніцтва. «Вынікам яго стаў суд, які адбыўся ў пятніцу, - распавёў Міхаіл. - На яго быў запрошаны мой сябар, ён жа кіроўца Mercedes. Пасяджэньне прайшло хутка. Справу разглядалі паводле двух артыкулаў: нецэнзурная лаянка ў грамадзкім месцы і пагроза. Інспэктара - супрацоўніка ДАІ Расонскага раёну - прызналі вінаватым і вызвалілі ад займанай пасады, прызначыўшы пры гэтым штраф. Пазьней даведаўся, што таксама “папрасілі” яго начальніка і намесьніка па ідэалёгіі (гэтая інфармацыя афіцыйна не пацьверджаная)».