Панядзелак, 03 Жнівень 2026

За 6 месяцаў пракуратура Віцебскай вобласці падала ў суды 108 заяў наконт прызнання інтэрнэт-рэсурсаў «экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй»

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

У паведамленні прэсавай службы абласной пракуратуры асобна згадваецца старонка ў Instagram  Уладзіміра Булаўскага – былога палітвязня, вядомага віцебскага  менеджэра культурніцкіх мерапрыемстваў Уладзіміра Булаўскага, прызнаная “экстрэмісцкай” судом Чыгуначнага раёна Віцебска.

Пракуратура лічыць, што на гэтай старонцы публікаваліся матэрыялы, якія папулярызаюць пратэстную актыўнасць і палітычную і ідэалагічную варожасць. А сам уладальнік старонкі беспадстаўна “размяшчаў на ёй заклікі да ўдзелу ў несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах,выкарыстоўваў экстрэмісцкію сімволіку, фактычна ажыццяўляў пікетаванне ў сетцы Інтэрнэт”.

Уладзімір Булаўскі быў асуджаны паводле арт. 342-2 Крымінальнага кодэкса — Неаднаразовае парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў. У 2023 годзе суд Першамайскага раёна асудзіў актывіста да 2 гадоў пазбаўлення волі. Пасля адбыцця пакарання актывіст з’ехаў з Беларусі і ўжо ў замежжы пачаў весці старонку  ў Instagram, якую заўважылі работнікі пракуратуры, а сёлета ў красавіку суд прызнаў “экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй”.

Аляксей Перуноў