Органамі пракуратуры Віцебскай вобласьці праведзены маніторынг выкананьня патрабаваньняў жыльлёвага заканадаўства ў сфэры забесьпячэньня захаванасьці і належнай эксплёатацыі жыльлёвага фонду. Выяўлена, што насуперак патрабаваньням артыкулаў 96 і 98 Жыльлёвага кодэксу Беларусі арганізацыямі, якія ажыцьцяўляюць эксплёатацыю жыльлёвага фонду і (або) аказваюць жыльлёва-камунальныя паслугі, не заўсёды належна ажыцьцяўляецца тэхнічнае абслугоўваньне жылых дамоў. Стан гаўбцоў і падстрэшкаў жылых дамоў часьцяком не адказвае прад’яўляным патрабаваньням.
Так, у горадзе Віцебску, Лепельскім, Глыбоцкім, Полацкім, Віцебскім, Аршанскім, Чашніцкім, Ушацкім і іншых раёнах вобласьці выяўленыя неадзінкавыя факты частковага абвалу гаўбечных канструкцыяў, неналежнага стану агародж гаўбцоў, наяўнасьці расколін на паверхні пліт падстрэшкаў жылых дамоў. “Гаўбцы і іншыя аварыйныя элемэнты будынкаў у большасьці выпадкаў знаходзяцца непасрэдна над ходнікамі і пешаходнымі дарожкамі, і іх абвальваньне можа нанесьці траўмы пешаходам, у тым ліку і дзецям”, - канстатавала Марына Рыжова.
На шэрагу гаўбцоў жылых дамоў па вуліцах Кірава, Дзімітрава і Еўсьцягнеева ў Віцебску часткова разбураныя канструктыўныя элемэнты. Большасьць гэтых збудаваньняў таксама знаходзяцца над месцамі руху пешаходаў, а адзін зь іх непасрэдна над уваходам у бібліятэку. У Віцебскім раёне неналежны стан гаўбцоў адзначаны ў вёсцы Задуброўе і аграгарадку Копці, дзе з мэтай недапушчэньня абвальваньня складовых частак гаўбцоў усталяваныя самаробныя апоры.
Аналягічныя парушэньні выяўленыя пры абсьледаваньні брылёў жылых дамоў, якія таксама не заўсёды адказвалі патрабаваньням тэхнічных нарматыўных прававых актаў: ня фарбаваліся, не ачышчаліся ад расьліннасьці, былі захламленыя бытавым сьмецьцем і г.д. (Бешанковіцкі, Лепельскі, Браслаўскі і іншыя раёны).
Падчас рэканструкцыі будынкаў і правядзеньня іншых рамонтных работ насуперак вызначаным патрабаваньням небясьпечныя ўчасткі не заўсёды агароджваліся, што таксама стварала небясьпеку для жыцьця і здароўя грамадзян.
Прыведзеныя парушэньні заканадаўства супярэчаць патрабаваньням дырэктывы №1 “Аб мерах па ўмацаваньні грамадзкай бясьпекі і дысцыпліны”, накіраванай на забесьпячэньне здаровых і бясьпечных умоў жыцьцядзейнасьці, папярэджаньне няшчасных выпадкаў і траўматызму. У гэтай сувязі пракуратурай вобласьці ў Віцебскі аблвыканкам унесенае прадстаўленьне аб ліквідацыі парушэньняў заканадаўства ў сфэры забесьпячэньня захаванасьці і бясьпечнай эксплёатацыі жыльлёвага фонду, прычын і ўмоў, што ім спрыяюць, у якім узьнятае пытаньне пра дысцыплінарную адказнасьць вінаватых службовых асоб.
Крыніца: БелТА