Комплекс Базыльянскага кляштару ў Воршы – унікальны помнік архітэктуры. На сёньняшні дзень ён перададзены праваслаўнай царкве, каля яго пабудаваная драўляная праваслаўная капліца з характэрнай “цыбулінай”.
У 1758-74 гадох храм быў узьведзены ў цэнтры Воршы на правым беразе ракі Аршыцы ў стылі Віленскае барока. Першапачаткова гэта была вуніяцкая царква Апекі Маткі Боскай. Побач знаходзіліся жылыя корпусы кляштару базыльянаў. Пасьля адмены Вуніі і храм, і кляштар былі перададзеныя праваслаўным – там разьмясьціўся праваслаўны мужчынскі Пакроўскі манастыр і духоўнае вучылішча. Царква стала называцца Сьвята-Пакроўскай.
Саракамэтровы будынак храму ўзарвалі напрыканцы 60-ых гадоў. Аршанцы памятаюць, як гэта было, і сьцьвярджаюць, што нават у выглядзе руінаў царква выглядала велічна і пакідала моцнае ўражаньне. Сярод тых, хто бачыў, як зьнішчалі царкву, быў і вядомы мастак Мікола Купава, які зараз робіць дабрачынную акцыю – арганізаваў адмысловы аўкцыён і перадае грошы ад прададзеных карцін на рэстаўрацыю “базыльянаў”.
Царкву ўзарвалі, а манастырскія корпусы на беразе ракі Аршыцы пакінулі. Доўгі час у іх былі камуналкі, у якіх жылі людзі. У сутарэньні разьмяшчалася хакейная сэкцыя, а на месцы ўзарванай царквы знаходзілася спартовая пляцоўка. Потым на месцы пляцоўкі пабудавалі Гарадзкую ўправу міліцыі. А ў 1994 годзе міліцыя пачала тут будаваць ізалятар часовага ўтрыманьня (ІЧУ), але ў той раз ўдалося адстаяць падмурак царквы. У 90-ыя гады тут плянавалі зрабіць карцінную галерэю, але на той момант у будынку кляштару яшчэ жылі людзі.
Цяпер шмат пытаньняў: ці захаваецца комплекс, ці адновіцца? А калі адновяць, то ці будзе яго выгляд адпавядаць гістарычнаму?
https://vitebsk.dns.army/news/roznae/item/806-vosen-a-bazylyanski-klyashtar-u-vorshy-byaz-dakhu#sigProId8c1111542d
Крыніца: Радыё Рацыя