Віктар Стукаў: «На прадпрыемстве жыла котка, у яе зьявіліся кацяняты. Іх падкормлівалі, шкадавалі, і па вялікім рахунку, жывёлы нікому не заміналі. Аднак жа трапіліся на вочы і пад кепскі настрой нейкаму начальству. У выніку, як нам распавялі працаўнікі, кіраўніцтва цэху № 8 папрасіла „разабрацца“ з коткай і кацянятамі начальніка цэху № 7, дзе стаіць плавільная печка. Нібыта жывёлы псуюць гатовую прадукцыю, і ад іх трэба пазбавіцца. Ніколі мы ня чулі, што каты нешта папсавалі, але ад іх пазбавіліся: начальнік цэху № 7 загадаў работнікам спаліць котку з кацянятамі. Жыўцом!»
У печцы, што стаіць у цэху № 7, паляць адыходы вытворчасьці — пераплаўляюць на шкло, якое далей ідзе ў вытворчы цыкль. Тэмпэратура сягае больш за 1000 градусаў. Дзеяньні тых, хто аддаў загад пазбавіцца ад жывёлаў такім чынам, падпадаюць пад артыкул 15.45 Кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэньнях: жорсткае абыходжаньне з жывёламі, якое цягне за сабой «сьмерць ці калецтва, а таксама катаваньне жывёл» караюцца штрафам памерам ад 10 да 30 базавых велічыняў або адміністрацыйным арыштам.
Аднак актывіст СПБ Мікола Шарах бачыць, што ў гэтай сытуацыі былі і іншыя парушэнні заканадаўства: «Ясна, што з бадзяжнымі жывёламі так не змагаюцца: калі па законе, дык выклікалі б камунальнікаў. А тут чыстае самаўпраўства! Па-першае, кіраўніцтва цэху, аддаючы такі загад, змушае сваіх працаўнікоў на забойства жывой істоты. У працоўнай дамове сказана, што працаўнік мусіць выконваць усе загады кіраўніцтва. Наш прафсаюз супраць гэтага пратэставаў, але безвынікова. Так што ў нас можна, прыкладам, паслаць рабочага будаваць сабе лецішча, калі начальства скажа. Але што дойдзе да забойства, ніхто ня думаў! Па-другое, у гэтай печы „эрклез“, дзе спалілі кацянят, пераплаўляюць адыходы шкла. Па тэхналёгіі недапушчальна спальваць там нешта іншае. У нас рабочых нават штрафуюць, калі ў печку трапляе нейкае выпадковае сьмецьце. А тут — такі загад!»
Паводле Міколы Шараха, спаленьні жывёлаў у печы маглі здарацца і раней, бо час ад часу на «Шкловалакне» зьяўляліся бяздомныя каты і сабакі, якія потым зьнікалі. Аднак менавіта апошні выпадак стаў шырока вядомы. Яго абмяркоўваюць у грамадзкім транспарце, з актывістамі СПБ зьвязаліся грамадзкія структуры, што апякуюцца бядзяжнымі жывёламі. Супольна вырашылі, што справу варта давесьці да суду, каб вінаватых пакаралі. Таму зараз абвясьцілі пошук сьведкаў спаленьня жывёлаў у плавільнай печы. Але Мікола Шарах ня ўпэўнены, што запалоханыя работнікі пагодзяцца выступіць у судзе супраць начальства.
Натальля Плігаўка, полацкая актывістка Беларускага таварыства аховы жывёлаў «Сябар», таксама сумняецца, ці знойдуцца ахвотныя сьведчыць супраць начальства: «Усе запалоханыя. Наўрад ці нехта згодзіцца паўтарыць такое ў судзе, калі нават пацьвердзіць у прыватнай размове. А пацьвярджэньняў шмат. Нам „УКантакце“ пішуць, прыкладам, што спальваў котку з кацянятамі асабіста начальнік цэху № 8 — у яго дамоўленасьць пра спаленьне адкідаў вытворчасьці ў печы цэху № 7. Людзі пішуць, што кацянятаў прынесьлі ў цэх № 7 у мяшку. Але той, хто нёс, заўжды можа сказаць, што нёс ня ў печ, а далей ад таго месца, дзе захоўваецца гатовая прадукцыя… Яшчэ нам пішуць, што на „Шкловалакне“ неаднаразова выдавалі загады не прыкормліваць жывёлаў, пагражаючы штрафамі. Аднак каб спаліць жыўцом катоў — гэта ж зусім іншае! І, кажуць, раней такое таксама здаралася, ды толькі цяпер, дзякуючы сацыяльным сеткам, факт стаў шырока вядомы. Мы таксама шукаем відавочцаў, і калі знойдзем — абавязкова пададзім у суд».
Крыніца: Радыё Свабода