«У горадзе няма спэцыялізаваных пляцовак. Гульні ў лязэртаг і пэйнтбол арганізуюцца непрафэсійнымі вядоўцамі ў такіх месцах, як закінутыя недабудаваныя заводы, аварыйныя будынкі, безгаспадарныя пабудовы, што вельмі небясьпечна для здароўя гульцоў і ня можа быць выкарыстана для сямейнага адпачынку. Горад мае патрэбу ў прафэсійна спраектаванай бясьпечнай пляцоўцы з разьвітой інфраструктурай, якая ўключае ў сябе такія неабходныя рэчы, як аўтамабільная стаянка, прыбіральні, распранальні, грамадзкае харчаваньне (кавярні) і г.д. для паўнавартаснага адпачынку ўсёй сям’ёй», - гаворыцца ў пэтыцыі, аўтарам якой зьяўляецца Канстантын Філіпаў.
Ён зьяўляецца дырэктарам ТАА «Арэна-піца» і просіць месьцічаў падтрымаць ініцыятыву, якую адхілілі мясцовыя ўлады:
«Адгукнуўшыся на просьбы месьцічаў, вывучыўшы досьвед суседніх краін у гэтым пытаньні, ТАА «Арэна-піца» набыло закінуты будынак ў паркавай зоне, атрымала дазвол на яго рэканструкцыю і зьвярнулася ў Віцебскі гарвыканкам з просьбай аб выдзяленьні зямельнага ўчастку ў часовае карыстаньне з мэтай рэалізацыі праекту па ўладкаваньні прафэсійнай пляцоўкі для гульні ў лязэртаг і вяровачнага парку, што зьяўляецца цалкам новым варыянтам актыўнага адпачынку. У гарадох суседніх краін (Летува, Расея) гэткія паркі карыстаюцца велізарнай папулярнасьцю, прыцягваючы ня толькі мясцовае насельніцтва, але і турыстаў. Аднак, дазволіўшы рэканструкцыю памяшканьня, Віцебскі гарвыканкам сваім лістом № 01-02-17/5801 ад 10.09.2014 г. адмовіў у выдзяленьні зелельных участкаў пад разьмяшчэньне пляцоўкі для гульні ў лязэртаг і вяровачнага парку на дрэвах, тым самым пазбавіўшы жыхароў гораду магчымасьці займацца ўлюбёнымі відамі актыўнага адпачынку ў цывілізаваных умовах».
У Віцебску відавочна адчуваецца дэфіцыт месцаў адпачынку з магчымасьцю заняцца актыўнымі відамі спорту. Жыхары аб’ядноўваюцца па інтарэсах і прыстасоўваюцца да існуючых умоў, аднак праблемы гэта не вырашае. У іншых гарадох Віцебскай вобласьці сытуацыя ня лепш…
Крыніца: Оршатут.бай