Высокіх гасьцей сустракалі мясцовыя ўлады на чале з кіраўніком раёну Алегам Морхатам. Разам з ізраільскай дэлегацыяй прыехаў і праўнук Бэн-Егуды Гіль Хаваў, рэстаранны крытык і вядоўца тэлешоў. Пасьля мітынгу госьці накіраваліся да брацкай магілы, дзе пахаваныя ахвяры глыбоцкага гета, зьнішчаныя нацыстамі ў жніўні 1943 году. Там адбылася жалобная цырымонія ўшанаваньня ахвяр нацызму, пасьля чаго дэлегацыя адбыла ў Лужкі.
У Лужках дэлегацыю сустрэлі прадстаўнікі Шаркоўшчынскага райвыканкаму, а таксама жыхары Лужкоў, якіх сабралася хіба не палова былога мястэчка. Пасьля прывітальных слоў госьці адкрылі памятны знак, які ўсталяваны на камені ў сквэры на галоўнай плошчы мястэчка. Да гэтага каменя праўнук Бэн-Егуды Гіль Хаваў паклаў дзіцячыя малюнкі са школы, якую калісьці адкрыў яго знакаміты прадзед, а таксама малюнак сваёй дачкі.
Пасьля гэтага адбыўся невялікі канцэрт, на якім госьці выканалі песьні на іўрыце, а мясцовыя выканаўцы прывіталі гасьцей беларускімі песьнямі. Напрыканцы ўдзельнікі мерапрыемства зрабілі агульны здымак на памяць разам зь мясцовымі жыхарамі.
Крыніца: Весткі.інфо