Сьледчыя мяркуюць, што чыноўнік, працуючы на пасадзе дырэктара ААТ “Гарадоцкі льнозавод”, сумесна з галоўным бухгальтарам гэтага ж прадпрыемства, зьдзейсьніў службовую падробку і перавысіў свае службовыя паўнамоцтвы. Дзеяньні падазраваных кваліфікаваныя паводле ч.1 арт.427 (Службовы падлог) КК РБ. Санкцыі паводле гэтага артыкулу прадугледжваюць пазбаўленьне волі да 2 гадоў.
“З 31 студзеня па 1 лістапада 2013 году, раней працуючы на пасадзе дырэктара ААТ “Гарадоцкі льнозавод”, сумесна з галоўным бухгальтарам гэтага ж прадпрыемства, дзейнічаючы з карысьлівай зацікаўленасьці, якая выявілася ў імкненьні пазьбегнуць прыцягненьня да матэрыяльнай і дысцыплінарнай адказнасьці за несвоечасовую выплату заработнай платы, унесьлі загадзя фальшывыя зьвесткі ў неабходныя для налічэньня заработнай платы даведкі, якія пасьля падалі ў банк, - паведамілі ў СК. - у даведках ж паказалі зьвесткі пра адсутнасьць забавязаньняў перад Фондам сацыяльнай абароны насельніцтва, пры наяўнасьці фактычнай запазычанасьці”.
У цяперашні час сьледчымі Гарадоцкага раённага аддзелу Сьледчага камітэту праводзяцца неабходныя сьледчыя дзеяньні. Першы намесьнік старшыні Гарадоцкага раённага выканаўчага камітэту таксама падазраецца ў перавышэньні ўлады або службовых паўнамоцтваў.
Паводле вэрсіі сьледзтва, чыноўнік даў указаньні галоўнаму бухгальтару ААТ “Гарадоцкі льнозавод” аб унясеньні загадзя фальшывых зьвестак у афіцыйны дакумэнт, які адлюстроўваў скажоныя дадзеныя пра ўвядзеньне ў эксплёатацыю малочна-таварнай фэрмы, якая належыць ААТ “Гарадоцкі льнозавод”. Крымінальная справа расьсьледуецца паводле ч.2 арт.426 (Перавышэньне ўлады або службовых паўнамоцтваў) КК РБ. Паводле гэтага артыкулу чыноўніку пагражае таксама ад 2 да 6 гадоў пазбаўленьня волі.
Імя чыноўніка, які знаходзіцца пад сьледзтвамі, не паведамляецца. Аднак, калі верыць афіцыйнай старонцы Гарадоцкай раённай адміністрацыі, пасаду першага намесьніка старшыні займае Ўладзімер Варонка (на фота).
Паводле news.tut.by і svaboda.org