Панядзелак, 08 Кастрычнік 2018

Павал Левінаў просіць віцебскіх судзьдзяў прыпыніць вынясеньне сьмяротных прысудаў

Ацаніць гэты матэрыял
(4 галасоў)
Павал Левінаў Павал Левінаў

У звароце да судзьдзяў судовай калегіі па крымінальных справах Віцебскага аблсуду праваабаронца Павал Левінаў папрасіў прыпыніць вынясеньне сьмяротных прысудаў і замяніць такое пакараньне іншымі відамі. Разам са зваротам праваабаронца даслаў у калегію 16 асобнікаў спэцвыпуску газэты “Народная Воля” – “Скажам НЕ сьмяротнаму пакараньню!”.

“Вы ўзаконьваеце інстытут легальных забойцаў”

Павал Левінаў нагадаў судзьдзям, што ад 5 да 10 кастрычніка ў Беларусі праходзіць Тыдзень супраць сьмяротнага пакараньня. Разам з тым выказаў шкадаваньне, што нікога зь іх не пабачыў на фэсьце “Рок за жыцьцё”, які праходзіў у Віцебску ў межах гэтай акцыі. Больш за тое, 6 кастрычніка ўстіупіў у сілу сьмяротны вырак, які 22 верасьня 2017 году вынесьлі судзьдзі Віцебскага абласнога суду.

“Дадзены вырак суду ўзаконьвае інстытут легальных забойцаў, якія зьдзяйсьняюць наўмыснае забойства”, – піша Левінаў.

“Страшна ўсьведамляць, што ты жывеш сярод людзей, якія выносяць сьмяротныя прысуды і прыводзяць іх у выкананьне!” – дадае.

“Нішто ня можа апраўдаць забойства ад імя дзяржавы”

У сваім лісьце прадстаўнік Беларускага Хэльсынскага камітэту ў Віцебскай вобласьці ўзгадвае асноўныя моманты ў гісторыі сусьветнай юстыцыі, якія вялі да адмовы ад сьмяротнага пакараньня. Цытуе Чэзарэ Бэккарыя і Джэрэмі Бэнтама. Сьцьвярджае, што “у параўнаньні з рэфэрэндумам 22-гадовай даўніны ў беларускім грамадзтве вызначыліся пэўныя зрухі”, а “колькасьць прыхільнікаў адмены сьмяротнага пакараньня ў Беларусі расьце”.

“Нягледзячы на тое, што большасьць пакуль што жадае захаваць гэты від пакараньня, датрыманьне правоў чалавека не павінна залежыць ад настрояў у грамадзтве. Бо ўсім вядомыя факты, калі грамадзтва лічыла прымальным эксплёатацыю людзей зь цёмным колерам скуры, ізаляцыю людзей зь інваліднасьцю ды зьнішчэньне цэлых асобных народаў”, – аргумэнтуе сваю пазыцыю праваабаронца.

“Выступаю за справядлівае і абгрунтаванае пакараньне для злачынцаў, якое служыць мэтам правасудзьдзя і вартае грамадзтва, дзе права на жыцьцё зьяўляецца абсалютнай каштоўнасьцю. Сьмяротную кару расцэньваю як парушэньне права на жыцьцё, гарантаванага Канстытуцыяй РБ і міжнароднымі пагадненьнямі ў сфэры правоў чалавека. Цьвёрда перакананы, што нішто ня можа апраўдваць наўмыснае і бязьлітаснае пазбаўленьне чалавека жыцьця ад імя дзяржавы”, – падсумоўвае Павал Левінаў.

Павал Левінаў просіць разгледзець ягоны зварот на сумесным паседжаньні судовай калегіі, а таксама азнаёміць кожнага судзьдзю з інфармацыяй, зьмешчанай у спэцвыпуску газэты “Народная Воля” ад 5 кастрычніка 2018 году.

Зьміцер Міраш