Рашэньне суду заснаванае на супярэчлівых паказаньнях. У пратаколе пазначана, што Кірылаў выкраў мужчынскія кальсоны; сьведка кажа, што абвiнавачаны ў зьдзяйсьненьні правапарушэньня зьняў зь сябе 2 пары легінсаў; а сам Кірылаў сьцьвярджае, што на ім наогул былі жаночыя легінсы і швэдар. Знойдзеныя ў краме біркі, сарваныя з адзеньня, наогул судом не аглядаліся. Таксама вядома, што Кірылаў знаходзіўся ў краме разам з грамадзянкай Сакаловай, і быў падвергнуты пакараньню за крадзеж таго ж тавару, у крадзяжы якога абвінавацілі і Сакалову, але суд не разгледзеў магчымасьці аб’яднаньня дзьвюх спраў у адну.
Кірылаў падаў скаргу ў абласны суд і дамогся свайго: судзьдзя абласнога суду Сьвятлана Іванова, у сувязі з парушэньнямі падчас разгляду справы Кастрычніцкім раённым судом, вырашыла пастанову суду адмяніць і накіраваць справу на новы разгляд іншым судзьдзёй. Гэта цалкам можа сьведчыць пра тое, што судзьдзя суду першай інстанцыі, які разглядаў справу, быў некампэтэнтны. Якім бы цяжкім ні было злачынства, падсудны мае права на сумленны і справядлівы суд.