Паводле судовага рашэньня, мэдыкаў, міліцыянтаў і работнікаў “Спэцаўтабазы” нельга змусіць да заключэньня дамоваў, бо гэта – некамэрцыйныя структуры.
“Між тым, існуе рашэньне гарвыканкаму №74 “Аб некаторых пытаньнях арганізацыі масавых мерапрыемстваў у горадзе Воршы”, дзе наўпрост сказана: заяўнікі акцыяў мусяць разам з заяўкай падаць копіі дамоваў на абслугоўваньне. А таксама пералічаныя структуры, зь якімі трэба дамаўляцца: райадзьдзел міліцыі, паліклініка №1 і камунальнае прадпрыемства “Спэцаўтабаза”. Мы зьвярнуліся ў суд пасьля адтрыманых адтуль адмоў, што стала прычынай для забароны пікету па праблеме аварыйнага мосту цераз Дняпро 30 кастрычніка мінулага году. Цяпер мы прасілі, каб суд змусіў гэтыя структуры заключыць з намі дамовы на новую дату – на 29 сакавіка. Аднак прадстаўнікі гэтых арганізацыяў аднагалосна заявілі ў судзе, што дамаўляцца з намі ня будуць ні ў якім разе”, - распавёў актывіст руху “За свабоду” Юры Нагорны.
Прадстаўнік “Спэцаўтабазы” ў суд не зьявіўся: адтуль даслалі афіцыйны ліст, што просяць суд разабрацца ў сытуацыі бязь іх удзелу. Прадстаўнік міліцыі на працягу ўсяго судовага паседжаньня маўчаў, зазначыўшы толькі на пачатку, што не прызнае прэтэнзіяў заяўніка. Не пажадалі гаварыць ні прадстаўніца паліклінікі, ні прадстаўніца райвыканкаму. Судзьдзя Алеся Котава агучыла іх пазыцыю паводле дакумэнтаў судовай справы.
“Прадстаўнікі міліцыі цьвердзяць, што не заключаюць з намі дамоваў, бо мы ня маем дазволу на правядзеньне акцыі ад райваканкаму. Райвыканкам не дае дазволу без папярэдняга заключэньня дамовы. Міліцыянты сказалі, што ня могуць дамаўляцца з намі ні на якую канкрэтную дату, бо яны, маўляў, ня ведаюць, ці будуць у іх у той дзень вольныя супрацоўнікі. Ніякага шляху дасягнуць кансэнсусу з намі яны ня бачаць. Прадстаўнікі паліклінікі сказалі, што ў пераліку відаў іх камэрцыйнай дзейнасьці няма такога пункту, як абслугоўваньне масавых акцыяў. І таму яны таксама з намі заключыць дамовы ня могуць. Паводле ліста з камунальнай службы, яны наогул ня могуць зрабіць таго, пры што мы просім: прадпрыемства “Спэцаўтабаза”, згаданае ў рашэньні гарвыканкаму, прыборкай гарадзкіх тэрыторыяў не займаецца наогул, а толькі вывозіць сьмецьце. Да таго ж, і адны, і другія, і трэція сказалі, што ніколі не заключалі дамоваў зь фізычнымі асобамі, і зрабіць гэта ня ў стане”, - зазначыў прыхільнік стварэньня партыі БХД Яўген Анішчанка.
Затое прадстаўнікі паліклінікі палічылі неабходным пісьмова выказацца наконт сутнасьці акцыяў, якія не дазваляюць правесьці аршанскім актывістам. У лісьце мэдыкаў гаворыцца, што яны лічаць немэтазгодным праводзіць пікет па праблеме аварыйнага мосту цераз Дняпро. 30 кастрычніка па ім яшчэ рухаўся транспарт, а цяпер рух забаронены. І яны лічаць, што праблемы ўжо няма. І тое, што па дзіравым мосьце, зачыненым на рамонт, вымушаныя рухацца людзі, у паліклініцы ня лічаць актуальным для гораду пытаньнем.
Суды наконт забароны пікету пра мост працягваліся амаль 2 месяцы. Спачатку актывісты спрабавалі аспрэчыць саму забарону. Але судзьдзя Алеся Котава не задаволіла іх скаргу, спаслаўшыся на тое, што ўмовы рашэньня гарвыканкаму наконт заключэньня дамоваў ня выкананыя, і, адпаведна, забарона законная. Затое сама ж прапанавала напісаць іншую заяву – супраць згаданых у рашэньні гарвыканкаму служб, якія адмаўляюцца заключыць дамовы. Актывісты пагадзіліся, сплацілі судовыя выдаткі – і прайгралі.
Трэба абавязкова падаваць касацыйную скаргу ў абласны суд, лічыць Яўген Анішчанка: “Пазыцыя суду была дзіўная. Спачатку нам нібыта прапанавалі шлях вырашэньня праблемы, а потым сама ж судзьдзя Алеся Котава прызнала, што гэты шлях тупіковы. Рашэньне гарвыканкаму так і застаецца невыканальным. На судзе прадстаўнікі ўсіх трох структур нам адкрыта далі зразумець, што будуць пазьбягаць заключэньня дамоваў любым коштам. Бо ведаюць – бяз гэтага акцыю нам ніколі не дазоляць”.
А Юры Нагорны згадаў словы Кастуся Каліноўскага: “Трэба, каб быў не народ для ўлады, а ўлада для народу. І трэба, каб у пашане была Канстытуцыя, асноўны закон, які гарантуе нам магчымасьць скарыстацца нашымі грамадзянскімі правамі. Але гэты суд прадэманстраваў зусім іншае – што важнейшыя за Канстытуцыю для аршанскіх чыноўнікаў іх уласныя рашэньні, а для службоўцаў – унутраныя рэглямэнты і прэйскуранты, празь недасканаласьць якіх мы ня можам скарыстацца сваім правам на свабоду сходаў і свабоду выказваньня меркаваньня”.