Аўторак, 11 Чэрвень 2019

Віцебскага таксіста аштрафавалі на 612 рублёў за абразу ўчастковага

Ацаніць гэты матэрыял
(6 галасоў)

Суд аштрафаваў віцебскага таксіста Алега Стральца на 612 рублёў за тое, што той абазваў па тэлефоне свайго ўчастковага інспэктара “петушарай” і “малалеткай”. Каб прызнаць віцябляніна вінаватым у абразе службовай асобы (арт 23.5 КаАП), судзьдзі не спатрэбілася ні лінгвістычная экспэртыза, ні доказы ў выглядзе аўдыёзапісу званку – хапіла рапарту міліцыянта…

Справа разглядалася ў судзе Кастрычніцкага раёну Віцебску судзьдзём Сяргеем Будрэвічам. Алег Стралец сваёй віны не прызнаў, а падчас паседжаньня распавёў, што ў апорным пункце, куды ён накіраваўся пасьля тэлефоннай размовы, яго адразу паставілі тварам да сьцяны, а потым – прыкавалі кайданкамі да батарэі…

Паперы ў прыбіральні і наручнікі…

У судзе віцяблянін патлумачыў, што справа тычылася ягонай машыны, якую ў кастрычніку 2018 году пашкодзілі невядомыя. Міліцыянты, што выяжджалі на месца здарэньня, перадалі дакумэнтацыю ўчастковаму на Маскоўскі пр-т, 84, якога Стралец ніяк ня мог застаць на месцы. А званок самога ўчастковага стаў для таксоўцы неспадзяванкай. “Адпачывай далей, справу вырашылі безь цябе, з тваім працадаўцам”, – паведамілі.

Агаломшаны навіной Алег Стралец паспрабаваў дазнацца, дзе ж яму цяпер узяць паперы для выплаты страхоўкі, але ў адказ пачуў: “Паперы возьмеш у туалеце, а ў нас – дакумэнты”. І – кароткія гудкі.

Алег Стралец

Стралец перазваніў, папрасіў суразмоўцу назвацца, папярэдзіў, што той ня мае права так зь ім размаўляць. А потым выказаў жаданьне прыехаць пагутарыць жыўцом. Але там, на Маскоўскім, 84, на яго адразу ж начапілі кайданкі і прыкавалі да батарэі ацяпленьня.  

“Я запытаўся, на якой падставе гэта робіцца. “Калі дасі мне падставу, дык магу скарыстацца табэльнай зброяй”, – адказаў супрацоўнік міліцыі і адшпіліў кабуру…” – так пераказваў дыялёг, які адбыўся тады ў пастарунку, Алег Стралец.

З Маскоўскага праспэкту празь некаторы час яго адвезьлі ў Кастрычніцкі РАУС, дзе быў складзены пратакол паводле артыкулу 23.5 КаАП РБ (Абраза службовай асобы пры выкананьні ёй службовых паўнамоцтваў).

Алег Стралец сьцьвярджаў у судзе, што нікога па тэлефоне не абражаў і што супрацоўнік міліцыі ўцямна так і не прадставіўся…

Называў “петушарай” і “малалеткай”

Паводле ж рапарту, які склаў абражаны ўчастковы інспэктар маёр міліцыі Сяргей Мечыслаўскі, Алег Стралец называў яго ў тэлефоннай размове “петушарай” і “малалеткай”, пагражаў, што “прыедзе і разьбярэцца”, “разаб’е яму я…ла”, чым наўмысна прынізіў ягоныя годнасьць і гонар міліцыянта.

Як патлумачыў участковы, кайданкі былі надзетыя Алегу Стральцу “выключна ў мэтах уласнай бясьпекі”. А прыкаваць мужчыну да батарэі прыйшлося таму, што ў памяшканьні не было… камэры часовага ўтрыманьня.

У выніку 10 чэрвеня суд прызнаў віцебскага таксіста вінаватым у абразе міліцыянта і аштрафаваў яго на 24 базавыя велічыні (612 рублёў). Але праваабаронцы маюць да пастановы суду шмат пытаньняў.

Бяз доказаў і экспэртызы

Прадстаўнік БХК у Віцебску і Віцебскай вобласьці Павал Левінаў зазначае, што сваім рашэньнем суд паказаў: каб абвінаваціць грамадзяніна Беларусі ў абразе – дастаткова тэлефоннага злучэньня. Усё.

“І калі пацярпелы – супрацоўнік міліцыі, то суд верыць ягоным словам, не прызначаючы нават лінгвістычнай экспэртызы словаў, якія той палічыў за абразу”, – кажа Левінаў.

Праваабаронца заўважае, што судзьдзя Будрэвіч не палічыў неабходным высьветліць, ці міліцыянт размаўляў са службовага тэлефону і ці сапраўды знаходзіўся ў той час “пры выкананьні”. А калі знаходзіўся – дык чаму не запісаў размову з грамадзянінам.  

“Суд высьветліў толькі, што міліцыянт напісаў рапарт, які належным чынам нідзе ня быў зарэгістраваны, але для суду гэтага дастаткова, каб чалавека, які цяпер даглядае састарэлага сваяка, “узнагародзіць” вялізным штрафам. Таму – слава суду і Лукашэнку, які адправіў міністра ўнутраных справаў Шуневіча ў адстаўку”, – дадаў Павал Левінаў.

Алег Стралец зьбіраецца абскардзіць прысуд у Віцебскім абласным судзе.

С. Горкі