Аўторак, 19 Лістапад 2019

Расейца вінавацілі ў сьмерці двух віцяблян, якім прадаў наркотыкі: жорсткі прысуд

Ацаніць гэты матэрыял
(4 галасоў)
Фота: sk.gov.b Фота: sk.gov.b

Суд Першамайскага раёну Віцебску 18 лістапада агучыў прысуд 34-гадоваму грамадзяніну Расеі Даніілу Прытыкіну, якога абвінавачвалі ў незаконным збыце наркотыкаў і ў дачыненьні праз гэта да сьмерці двух чалавек (ч.5 арт. 328 КК РБ). Пракурор прасіў для абвінавачанага 25 гадоў турмы. Вырак – 18 гадоў.

Грамадзянін Расейскай Фэдэрацыі Данііл Прытыкін быў затрыманы ў Віцебску 1 сакавіка 2019 году. Як паведамляў СК, пры ім знайшлі 10 грамаў пара-мэтылэфэдрона. Пазьней у доме затрыманага выявілі аж 9 відаў забароненых наркатычных рэчываў рознай колькасьці.

Паводле сьледзтва, Прытыкін распаўсюджваў і прадаваў наркотыкі ў Беларусі і Расеі, дзейнічаў у складзе арганізаванай групоўкі. На тэрыторыі Віцебшчыны фасаваў, запакоўваў і раскладваў забароненыя рэчывы ў схованкі, а потым перадаваў зьвесткі пра «закладкі» іншым чальцам групы. Атрымліваў за гэта грошы. Сьледчыя сьцьвярджалі, што 30 студзеня 2019 году Данііл перадаў інфармацыю аб «закладках» саўдзельнікам, якія прадалі наркотыкі двум 29-гадовым віцяблянам. У той жа дзень мужчыны ўжылі частку рэчыва і памерлі ад «вострага атручваньня».

Паводле абвінавачаньня, Прытыкін сваімі злачыннымі дзеяньнямі спрычыніўся да сьмерці гэтых мужчын.

Адвакат: доказы непераканаўчыя

Падчас судовых спрэчак пракурор заявіў, што вінаватасьць падсуднага ў злачынстве паводле ч.5 арт.328 КК лічыць даказанай. Прасіў суд прызначыць расейцу максымальна жорсткае пакараньне – 25 гадоў зьняволеньня.

Адвакат абвінавачанага, у сваю чаргу, сьцьвярджаў, што доказы вінаватасьці яго падабароннага ва ўчыненьні злачынства па ч.5 арт. 328, былі непераканаўчыя. Запэўніваў: калі і было штосьці даказана дакладна, дык вінаватасьць па ч.1 арт. 328 (захоўваньне бяз мэты збыту). Прасіў прызначыць мінімальнае пакараньне акурат па гэтай частцы, улічыўшы зьмякчальныя абставіны: абвінавачаны мае на ўтрыманьні малалетняе дзіця.

Адзначым, што на судзе Прытыкін не прызнаў сваёй віны па частцы 5-й.

Судзьдзя: 18 гадоў зьняволеньня

Судзьдзя Першамайскага суду Віцебску Міхаіл Юрчанка палічыў, што сувязь паміж злачыннымі дзеяньнямі грамадзяніна Расеі і сьмерцю двух віцяблян была недаказаная і прызначыў Даніілу Прытыкіну пакараньне на падставе ч.4 арт. 328 КК – 18 гадоў пазбаўленьня волі ў папраўчай калёніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.

Суд таксама адмовіў пацярпелым (сваякам памерлых ад наркотыкаў) у задавальненьні пазоваў аб маральнай кампэнсацыі.

Усе знойдзеныя ў Прытыкіна забароненыя рэчывы будуць канфіскаваныя. Сьпіс канфіскаваных наркотыкаў утрымліваў дзясяткі назваў: гашыш, какаін, гераін, амфэтамін, мэфэдрон і г.д.

Прысуд не набыў законнай моцы і можа быць абскарджаны.

Зьміцер Міраш

 

Камэнтуйце гэтую навіну на нашай старонцы ў facebook!

Чытайце таксама навіны “Віцебскай Вясны” ў Telegram.