12 лютага суд Кастрычніцкага раёну Віцебску (судзьдзя Ільля Белавус) пакараў блогера Алеся Круткіна 15 суткамі арышту, а актывістку Натальлю Спірыдонаву 30 базавымі велічынямі штрафу – за налепку «Калгаснай дыктатуры баста!», якую яны разьмясьцілі на будынку абласной пракуратуры. Іх дзеяньні былі кваліфікаваныя як несанкцыянаванае пікетаваньне (арт. 23.34. КаАП).
Разгляд скаргі ў Віцебскім абласным судзе прайшоў без удзелу самога актывіста – зь ізалятару часовага ўтрыманьня на суд яго не прывезьлi. Такім чынам, Алесь Круткін ня меў магчымасьці адстойваць свае інтарэсы ў судовым паседжаньні. Нагадаем, у ІЧУ ён быў зьмешчаны яшчэ 27 студзеня.
Судзьдзі Ірыне Смаляковай спатрэбілася ўсяго дзьве хвіліны, каб разгледзець скаргу. Яна проста агучыла сваю пастанову «пакінуць рашэньне суду бязь зьменаў, а скаргу – без задавальненьня».
Уладзімер Бяляўскі