На самым пачатку працэсу судзьдзі Цыганковай не спадабалася атмасфэра ў залі, дзе прысутнічала каля 15 актывістаў, якія прыйшлі падтрымаць Аляксею Саламаненку. Судзьдзя без якіх-небудзь папярэджаньняў запатрабавала ўсіх слухачоў «устаць і пакінуць судовую залю», але прысутныя не падпарадкаваліся. Цыганкова пагражала націснуць «трывожны гузік», але абвясьціла перапынак, падчас якога выклікала ахову.
Судзьдзя выклікала ахову
У сваю чаргу грамадзяне, якія прыйшлі на суд, выклікалі міліцыю і склалі заяву аб незаконных дзеяньнях судзьдзі.
Слухачы напісалі на судзьдзю заяву ў міліцыю
Працэс аднавіўся толькі праз гадзіну. Судзьдзя Цыганкова папрасіла абвінавачанага Саламаненку перайсьці ў іншую залю, але паведаміла, што слухачы прысутнічаць на працэсе ня будуць, бо яны – «выдаленыя». Аляксей Саламаненка заявіў, што, калі на паседжаньне ня пусьцяць ягоных паплечнікаў, то ня пойдзе і ён.
Прысутныя адмовіліся выконваць патрабаваньне судзьдзі пакінуць залю
У выніку разгляд адміністрацыйнай справы прайшоў за закрытымі дзьвярыма (уваход у залю перакрылі міліцыянты) і без удзелу самога абвінавачанага. Пра вынік гэтага паседжаньня журналісты змаглі даведацца ад сакратаркі судзьдзі: Аляксей Саламаненка прызнаны вінаватым у правапарушэньні паводле арт. 23.34 КаАП і аштрафаваны на 20 базавых велічынь (540 рублёў).
Судзьдзя Алена Цыганкова
Зьміцер Міраш
Камэнтуйце гэтую навіну на нашай старонцы ў facebook!