Пятніца, 22 Май 2020

Віцебскі абласны суд не задаволіў скаргу журналіста Зьмітра Лупача

Ацаніць гэты матэрыял
(2 галасоў)
Зьміцер Лупач у Глыбоцкім судзе. Фота: racyja.com Зьміцер Лупач у Глыбоцкім судзе. Фота: racyja.com

22 траўня ў Віцебскі абласны суд разгледзеў касацыйную скаргу глыбоцкага журналіста-фрылянсэра Зьмітра Лупача на пастанову суду ніжэйшай інстанцыі. Скаргу разглядала судзьдзя Сьвятлана Іванова. У выніку яна пакінула пастанову Глыбоцкага суду бязь зьменаў, а скаргу без задавальненьня.

Зьміцер Лупач спрабаваў аспрэчыць рашэньне суду Глыбоцкага раёну ад 11 траўня. Паводле ч.1 арт. 23.34 КаАП (парушэньне заканадаўства аб масавых мерапрыемствах), суд аштрафаваў журналіста на 10 базавых велічыняў, а паводле ч.2 арт.22.9 (незаконны выраб і (або) распаўсюд прадукцыі СМІ) прысудзіў 45 базавых велічыняў (1215 рублёў). Таксама журналіст быў арыштаваны на 10 сутак.

Глыбоцкім судом Лупач быў прызнаны вінаватым у тым, што 31 сакавіка, знаходзячыся на цэнтральнай плошчы Глыбокага, узяў удзел у незаконным пікетаваньні, падчас якога нібыта выказаў для ютуб-каналу «Страна для жизни» сваё стаўленьне да дзейнай улады. Яго таксама зьвінавацілі ў тым, што без акрэдытацыі ў якасьці карэспандэнта замежнага СМІ у красавіку (дакладная дата ня вызначаная) узяў інтэрвію, якое пазьней было разьмешчанае на тэлеканале «Белсат».

З пастановай суду журналіст не пагадзіўся. У скарзе зьвярнуў увагу на парушэньні Канстытуцыі і Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах. Указаў на працэсуальныя парушэньні і права на абарону.

Зьміцер Лупач прасіў адмяніць пастанову ў сувязі з адсутнасьцю ў ягоных дзеяньнях складу адміністрацыйнага правапарушэньня.

Таксама ў скарзе журналіст хадайнічаў, каб яго прывезьлі ў Віцебск для ўдзелу ў судовым паседжаньні, але гэтую просьбу суд праігнараваў. Дарэчы, як і астатнія факты, выкладзеныя ў скарзе.

Судзьдзя Сьвятлана Іванова пакінула пастанову Глыбоцкага суду бязь зьменаў, а скаргу без задавальненьня.

«Арышт Зьмітра Лупача і іншых актыўных людзей – гэта зачыстка, запалохваньне перад выбарчай кампаніяй. Улада разумее, што праз сацыяльныя, эканамічныя і палітычныя праблемы незадаволенасьць насельніцтва расьце. Гэткімі захадамі яна намагаецца не дапусьціць ніякай бескантрольнай актыўнасьці людзей, а таксама перашкаджае распаўсюду альтэрнатыўнай інфармацыі», – кажа віцебскі праваабаронца Павал Левінаў.

Сёньня ўвечары мусіць скончыцца 10-дзённы тэрмін адміністрацыйнага арышту Зьмітра Лупача – ён мае выйсьці на волю.

С. Горкі

 

Камэнтуйце гэтую навіну на нашай старонцы ў facebook!

Чытайце таксама навіны “Віцебскай Вясны” ў Telegram.