Серада, 27 Май 2020

Актывіста «Краіны для жыцьця» пасьля сутак у ІЧУ аштрафавалі на 675 рублёў

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)
Аляксея Саламаненку сустрэлі на волі жонка і сябры Аляксея Саламаненку сустрэлі на волі жонка і сябры

Віцябляніна Аляксея Саламаненку затрымалі 26 траўня на працы і пасьля складаньня пратаколу адразу зьмясьцілі ў ізалятар часовага ўтрыманьня (ІЧУ), дзе ён правёў суткі да суду. У сераду 27 траўня ягоную справу разглядаў суд Першамайскага раёну Віцебску. Прысуд аказаўся мякчэйшы, чым чакалі: 25 базавых велічынь – за сустрэчу з блогерам Ціханоўскім.

Ад самага ранку жонка Аляксея Саламаненкі Натальля і ягоныя сябры чакалі пачатку працэсу ў судзе Чыгуначнага раёну. Але справу Саламаненкі не прывезьлі ў суд аж да абеду. Толькі пасьля званку начальніку ІЧУ высьветлілася, што ягоную справу ўжо пачалі разглядаць, але зусім у іншым судзе – Першамайскага раёну (па месцы жыхарства). Паплечнікі і жонка Саламаненкі змаглі трапіць толькі на працяг працэсу, у якім быў абвешчаны перапынак, бо абвінавачаны хадайнічаў даць яму час на пошукі адваката.

Справу Саламаненкі разглядаў судзьдзя Міхаіл Юрчанка. Паседжаньне адбывалася праз скайп. Пасьля перапынку абвінавачаны заявіў, што заключыць дамову з адвакатам яму не ўдалося, бо зрабіць гэта, калі ты знаходзішся ў ІЧУ і ня маеш пад рукой тэлефона, – проста нерэальна.

Паводле матэрыялаў адміністрацыйнай справы, Аляксей Саламаненка 30 красавіка браў удзел у несанкцыянаваным пікетаваньні, парушыўшы тым самым заканадаўства аб масавых мерапрыемствах (арт. 23.34 КаАП). Пад «несанкцыянаваным пікетаваньнем» міліцыянты і судзьдзя разумелі сустрэчу з блогерам Сяргеем Ціханоўскім, якая адбылася ў той дзень у Віцебску каля ТЦ «Марка-сіці».

Аляксей Саламаненка з пратаколам не згадзіўся.

У якасьці доказаў вінаватасьці абвінавачанага міліцыянты прыклалі да пратаколу скрын зь відэа, на якім была выява чалавека ў масцы. Саламаненка сябе ў гэтым чалавеку не прызнаў. Падчас паседжаньня наракаў, што кепска чуе судзьдзю па скайпе.

Судзьдзя Міхаіл Юрчанка прызнаў Саламаненку вінаватым у парушэньні заканадаўства аб масавых мерапрыемствах і аштрафаваў яго на 25 базавых велічынь (675 рублёў). Актывіста выпусьцілі зь ІЧУ на волю.

Раней менавіта за ўдзел у стрыме блогера Ціханоўскага Аляксея Саламаненку афіцыйна папярэдзіла пракуратура.

Нагадаем, што 5 дзён таму Аляксея Саламаненку аштрафаваў таксама суд Чыгуначнага раёну Віцебску. Тады судзьдзя Алена Цыганкова прызнала яго вінаватым у правапарушэньні паводле таго ж самага артыкулу 23.34 КаАП. Віна актывіста заключалася ў тым, што 3 траўня ён разам зь сябрамі карміў галубоў. Той працэс прайшоў за закрытымі дзьвярыма і без удзелу самога абвінавачанага, бо прысутныя на паседжаньні адмовіліся выканаць патрабаваньні судзьдзі пакінуць залю.

Зьміцер Міраш

 

Камэнтуйце гэтую навіну на нашай старонцы ў facebook!

Чытайце таксама навіны “Віцебскай Вясны” ў Telegram.