Аўторак, 20 Кастрычнік 2020

Суд адправіў справу журналіста «Белсату» Вячаслава Лазарава на дапрацоўку

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)
Вячаслаў Лазараў Вячаслаў Лазараў

Суд Кастрычніцкага раёну Віцебску 20 кастрычніка адправіў справу Вячаслава Лазарава, абвінавачанага ў незаконным вырабе і распаўсюдзе прадукцыі сродкаў масавай інфармацыі (ч.2 арт 22.9 КаАП), на дапрацоўку. Адміністрацыйную справу разбіраў суддзя Ілля Белавус.

Паводле пратаколу, Вячаслаў Лазараў 4 кастрычніка, не маючы акрэдытацыі журналіста замежнага СМІ, апублікаваў на тэлеграм-канале «Белсат» фотаздымкі з маршу пратэсту, які праходзіў у той дзень у Віцебску.

Лазараў часткова прызнаў сваю віну. Ён не адмаўляў, што 4 кастрычніка рабіў фотарэпартаж з маршу пратэсту. Свае здымкі ён перасылаў рэдактару праз тэлефон у закрыты тэлеграм-канал. Між тым, журналіст не пагадзіўся з тым, што публікаваў іх у сеціве. Акрэдытацыі журналіста ва ўстаноўленым заканадаўствам парадку Лазараў не меў, але мелася рэдакцыйнае заданне, якое і выконваў.

Пасля вывучэння судом матэрыялаў справы адвакат Лазарава Дзяніс Ястраб прапанаваў справу спыніць праз недаказанасць віны журналіста, якая не знайшла аніякага пацверджання. Аб’ектыўныя доказы віны журналіста ў матэрыялах справы адсутнічалі. У суд не былі перададзеныя фотаздымкі, вырабленыя Лазаравым і нібыта размешчаныя ў тэлеграм-канале «Белсату».

Суддзя Ілля Белавус выслухаў абаронцу і пастанавіў вярнуць справу ў Кастрычніцкі РАУС Віцебску для выпраўлення недахопаў.

С. Горкі