Панядзелак, 19 Кастрычнік 2020

Былую масажыстку нацыянальнай зборнай па лыжах аштрафавалі за ўдзел у мірных шэсцях

Ацаніць гэты матэрыял
(3 галасоў)
Ганна Рошчынская, фота Алега Паўлава Ганна Рошчынская, фота Алега Паўлава

Суд Кастрычніцкага раёну Віцебску 19 кастрычніка аштрафаваў кандыдатку ў майстры спорту і былую масажыстку зборнай Беларусі па лыжных гонках Ганну Рошчынскую за ўдзел у мірных шэсцях 13 і 20 верасня (арт. 23.34 КаАП). Яе прызналі вінаватай  і аштрафавалі на 12 базавых велічынь.

Справу Ганны Рошчынскай разбіраў суддзя Ілля Белавус. Інтарэсы дзяўчыны ў судзе бараніў адвакат.

Паводле міліцэйскага пратаколу, Ганна ўзяла актыўны ўдзел у «несанкцыяваных шэсцях», якія прайшлі ў Віцебску 13 і 20 верасня. У якасці доказаў у матэрыялах справы меліся аператыўныя відэазапісы супрацоўнікаў МУС, а таксама рапарт маёра міліцыі Вадзіма Склімянка. Па словах Ганны Рошчынскай, міліцэйскія відэа выклікалі шмат пытанняў.

«Там наагул нічога немагчыма даказаць па тых відэа! Абсалютна было незразумела, калі, кім і дзе рабіліся здымкі, – воку няма за што зачапіцца. Проста людзі ідуць – і ўсё. У мяне не было сцяга, я нічога не выкрыквала і не пляскала ў далоні», – падзялілася Ганна.

Тым не менш, суддзя Белавус палічыў доказы віны Ганны дастатковымі. Ён прызнаў яе вінаватай і пакараў штрафам у памеры 12 базавых велічынь (324 рублі).

«Гэта проста цырк нейкі!» – сказала пасля суду Ганна Рошчынская. Яна збіраецца абскардзіць рашэнне ў Віцебскім абласным судзе.

Ганна Рошчынская – кандыдатка ў майстры спорту па лыжных гонках, працавала таксама масажысткай у нацыянальнай зборнай Беларусі па лыжах, зараз атрымлівае другую вышэйшую адукацыю.

Зміцер Міраш