Міліцыя склала на Валянціну Крыштопенка два пратаколы: за ўдзел у несанкцыянаваных вулічных шэсцях 4 і 11 кастрычніка. У пратаколах гаворыцца, што жанчына «трымала транспарант», «выкрыквала лозунгі».
Валянціна Крыштопенка пагадзілася, што ўдзельнічала ў шэсцях, але сваю віну не прызнала.
«Я маю права на свабоду выказвання свайго меркавання. Гэта права мне дае Канстытуцыя. Я прыйшла на марш, каб мяне пачулі. Выбары былі незаконныя, і я супраць гвалту ў дачыненні да людзей, можна нават сказаць, генацыду. Да таго часу, пакуль будуць у нашай краіне біць людзей, я буду выходзіць на мірныя дэманстрацыі, чаго б мне гэта ні каштавала», – сказала жанчына.
Каб трапіць на мірныя дэманстрацыі, жанчыне давялося ехаць са свайго аграгарадку ў Віцебск на таксі. Потым, па яе словах, яна далучалася да пратэстоўцаў і прасіла незнаёмых людзей на маршы, каб тыя везлі яе на інвалідным вазку наперадзе калоны.
На маршы 11 кастрычніка. Фота: Сяргей Серабро, «Народныя навіны Віцебску»
На судзе былі прагледжаныя міліцэйскія відэазапісы з двух апошніх нядзельных мірных маршаў пратэсту ў Віцебску. Валянціна Крыштопенка пазнала сябе на ўсіх роліках.
«Калі вы ў мяне спытайце, хто арганізатар, лялькавод гэтых маршаў, я адкажу: гэта нашае сумленне», – заявіла жанчына суддзі Міхаілу Зубеню.
«На ўсіх відэа вы знаходзіцеся наперадзе калоны. Гэта была вашая асабістая ініцыятыва – быць на чале? Або так выпадкова атрымалася?» – пацікавіўся суддзя.
«Гэта была мая ініцыятыва. Па-першае, нязручна ісці за кімсьці – «падразаюцца» ногі. А па-другое, я папрасілася наперад, каб абараніць сабою хоць некалькіх хлопцаў на маршы, каб на іх не нападалі з дубінкамі. Хочацца верыць, што, убачыўшы чалавека ў калясцы, міліцыя не будзе так страшна нападаць і выкарыстоўваць газ», – патлумачыла спадарыня Валянціна.
Суддзя угледзеў у дзеяннях Валянціны Крыштопенка парушэнне часткі 1 артыкулу 23.34 КаАП: «Удзел у дадзеных несанкцыянаваных мерапрыемствах вы бралі свядома, разумелі, што вакол адбываецца, паводзілі сябе досыць актыўна. Суд лічыць неабходным накласці пакаранне ў межах санкцыі артыкулу, набліжаных да мінімальнага параметру: 7 базавых велічынь, альбо 189 рублёў».
Міхаіл Зубеня. Фота: Алесь Пілецкі, TUT.BY
Раней Валянціна Крыштопенка распавядала TUT.BY аб тым, што з 11 гадоў пакутуе рэўматоідным артрытам, які пашкоджвае суставы.
«У мяне – чатыры пратэзы. Я магу і стаяць, і хадзіць. Але ёсць абмежаванні. Хаджу я з асцярогай, не спяшаючыся, стараюся выбіраць добрую, роўную дарогу. Стаяць доўга таксама не магу – саджуся. На дэманстрацыі ў Віцебску я была на вазку: там траўманебяспечна, ці мала хто штурхне. Да таго ж шмат і хутка хадзіць я не магу», – расказала Валянціна Крыштопенка.
Валянціна распавяла, што ёй не было страшна: «Мне зрабілі 4 аперацыі, таму я ўжо мала чаго баюся ў сваім жыцці. А вось тое, што адбываецца ў нашай краіне, – гэта сапраўды страшна. Таму я і выйшла на мірны пратэст. Калі не могуць выйсці дужыя мужыкі, дык выходзяць жанчыны. Калі не выходзяць дэсантнікі, дык пайду я – інвалід. На маршы я спецыяльна напрасілася наперад – каб міліцыя не хапала першую счэпку. Можна сказаць, я выйшла, каб іх абараніць».
Таццяна Мацьвеева, TUT.BY