З пратаколам Алена Шабуня не пагадзілася, але даць тлумачэнні не адмовілася. Заявіла, што з раніцы гуляла па горадзе, не рухалася ў групе людзей, але назірала за перасоўваннем калоны грамадзянаў. Загадзя не ведала, дзе калона будзе праходзіць.
«Я была каля калоны, перад калонай, пасля калоны. Мне было цікава, бо па прафесіі я журналістка, а вядома, што былых журналістаў, як і кадэбістаў, не бывае. Людзі выказвалі пратэст супраць хлусні, якая накрыла ўсю краіну», – патлумачыла Алена.
Алена Шабуня прад’явіла суду міжнароднае пасведчанне журналіста. Патлумачыла, чаму не апранала камізэльку з надпісам «Прэса»:
«Калі б нават камізэлька ў мяне і была з сабой, я яе не апранула б. Ведаю, што затрыманне журналістаў з апазнавальнымі знакамі ў Беларусі – звычайная справа. Журналістаў ізалююць, і яны не могуць займацца сваёй прафесійнай дзейнасцю», – сказала Шабуня.
Суддзя Міхаіл Юрчанка палічыў удзел Алены Шабуні ў шэсці даказаным і аштрафаваў жанчыну на 5 базавых велічыняў (135 рублёў).
30 жніўня ўрач-інтэрн Кацярына Бажанкова ўзяла ўдзел у мірным шэсці і была абвінавачаная паводле ч.1. арт.23. 34 КаАП. Кацярына не аспрэчвала свайго ўдзелу ў масавым мерапрыемстве і пагадзілася разгледзець сваю справу ў скарочаным варыянце – без вывучэння ўсіх матэрыялаў.
«Я ведала, што мерапрыемства несанкцыянаванае, але я не ведала, якім іншым чынам магла б выказаць сваё стаўленне да падзеяў у краіне», – сказала Кацярына. Суддзя Вераніка Барысава вынесла Кацярыне Бажанковай папярэджанне.
Валянціна Ермаковіча за ўдзел у несанкцыянаваным шэсці 30 верасня і 6 кастрычніка суддзя Міхаіл Юрчанка аштрафаваў на 2 базавыя велічыні (54 рублі).
У судзе Віцебскага раёну за марш пенсіянераў 12 кастрычніка суддзя Міхаіл Зубеня аштрафаваў Алену Янушкоўскую на 45 базавых (1215 рублёў). Двое сутак да суду Янушкоўская правяла ў СІЗА.
Таксама суд Віцебскага раёну пакараў 15 кастрычніка штрафам у памеры 25 базавых велічынь Ангеліну Туравец (суддзя Зубеня). Дзяўчыну судзілі за ўдзел у шэсці 11 верасня.
Справу жорстка затрыманага 27 верасня каля «Еўраопту» на Маскоўскім праспекце віцябляніна Сяргея Козака скасаваў у гэты ж дзень суд Кастрычніцкага раёну. Суддзя Ілля Белавус палічыў, што мужчына не парушыў арт.23.4 КаАП (непадпарадкаванне законнаму патрабаванню службовай асобы), бо «законных патрабаванняў» з вуснаў міліцыянтаў, якія затрымлівалі Козака, не гучала.
С. Горкі