Субота, 28 Лістапад 2020

На паседжанне па крымінальнай справе Цімафеенкі не пусцілі журналістаў і праваабаронцаў

Ацаніць гэты матэрыял
(2 галасоў)

27 лістапада суд Кастрычніцкага раёну Віцебску прыступіў да разгляду адкладзенай 24 лістапада крымінальнай справы ў дачыненні да віцябляніна Андрэя Цімафеенкі. 46-гадовага мужчыну вінавацяць у гвалце да супрацоўніка МУС падчас «Маршу еднасці» 6 верасня (ч.1 арт. 366 КК).

На паседжанні 27 лістапада прысутнасць у зале судовага паседжання была абмежаваная выключна блізкімі сваякамі. Не пусцілі ні праваабаронцаў, ні журналістаў, ні сяброў і знаёмых падсуднага. Затое ў залу прайшлі ціхары – супрацоўнікі МУС у цывільным адзенні.

Праваабаронца Ірына Траццякова на паседжанне таксама не патрапіла. Паводле Траццяковай, гэта далёка не першы выпадак, калі адкрытае судовае разбіральніцтва ператвараюць у амаль закрытае. Грамадзянаў пераконваюць, што абмежаванне колькасці прысутных у судовай зале звязанае нібыта з пандэміяй, хаця ніякімі нарматыўнымі актамі гэта не прадугледжана. Траццякова мяркуе, што захаваць неабходную дыстанцыю паміж прысутнымі дазволіла б перамяшчэнне судовага паседжання ў большую залу.

«У дадзеным выпадку судовы разбор, відаць, наўмысна быў абмежаваны невялікай залай. Бо ў судзе Кастрычніцкага раёну ёсць памяшканні, дзе цалкам можна было забяспечыць прысутнасць большай колькасці слухачоў. Што да мяне, дык я мусіла знаходзіцца ў зале, каб праводзіць маніторынг працэсу па крымінальнай справе Цімафеенкі. БХК лічыць справу палітычна матываванай. Лічу, што закрытасць судовага паседжання, адсутнасць галоснасці, з’яўляецца перашкодай дзейнасці праваабарончай арганізацыі БХК», – выказала меркаванне Ірына Траццякова.

Судовае паседжанне доўжылася цягам усяго дня. Пасля яго завяршэння сваякі Андрэя Цімафеенкі адмовіліся ад каментароў па справе. Яны мяркуюць, што іх выказванні могуць негатыўна паўплываць на вырак суду.

Наступнае паседжанне прызначанае на 1 снежня.

С. Горкі