Падчас шэсця 24 лістапада на ДСК былі затрыманыя Наталля Перунова, Сафія Цярэнцьева, Мікіта Разумаў, Алег Правальскі, Людміла Конан, Аляксандр Ізобаў і Таццяна Дзіканава. Усім былі выстаўленыя абвінавачанні паводле арт. 23.34 КаАП. Трое сутак да судоў віцябляне правялі за кратамі віцебскага СІЗА.
Адміністрацыйныя справы затрыманых разбіраліся праз скайп 27 лістапада. Справу Сафіі Цярэнцьевай разглядала суддзя Вераніка Барысава. 18-гадовая дзяўчына была прызнаная вінаватай (ч.3 арт. 23.34 КаАП) і пакараная адміністрацыйным арыштам на 7 сутак. Сафія выйдзе на волю 1 снежня. За апошнія месяцы Цярэнцьеву некалькі разоў прыцягвалі да адказнасці за парушэнне заканадаўства аб масавых мерапрыемствах, за кратамі яна ўжо правяла агулам 5 сутак. Пасля адзіночнага пікетавання 29 кастрычніка Сафію Цярэнцьеву адлічылі з каледжа.
Паводле 3-й часткі арт. 23.34 судзілі ў гэты ж дзень і віцяблянку Наталлю Перунову. Справу таксама разбірала Вераніка Барысава, але праз перагружанасць прыняць рашэнне не паспела. Жанчыну вызвалілі, працяг суду – 1 снежня ў 12.00.
Мікіта Разумаў пакараны штрафам у памеры 4 базавыя велічыні (108 рублёў), Аляксандра Ізобава аштрафавалі на 10 базавых (270 рублёў).
Справу Алега Правальскага разбіралі ў судзе Чыгуначнага раёну Віцебску. Яго аштрафавалі на 6 базавых велічынь (162 рублі).
Рашэнне ў справе Людмілы Конан пакуль не прынятае. Суд адбудзецца 3 снежня. Людміла на волі. Выйшла з СІЗА і Таццяна Дзіканава, інфармацыя наконт яе справы ўдакладняецца.
Зміцер Міраш