Аўторак, 01 Снежань 2020

Пракурор папрасіў для Андрэя Цімафеенкі 5 гадоў калоніі. Адвакатка – апраўдання

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

1 снежня ў судзе Кастрычніцкага раёну Віцебску скончыўся разгляд крымінальнай справы паводле ч.1 арт. 366 КК. Пракурор папрасіў для віцябляніна Андрэя Цімафеенкі, абвінавачанага ў гвалце ў дачыненні да службовай асобы, 5 гадоў пазбаўлення волі. Суддзя Сняжана Кіндзеева мусіць вынесці прысуд 2 снежня.

Паводле версіі абвінавачання, 6 верасня каля дома №19 на вул. Леніна ў Віцебску Андрэй Цімафеенка ўзяў актыўны ўдзел у несанкцыянаваным вулічным шэсці. Сваімі дзеяннямі ён перашкаджаў дзейнасці начальніка аддзялення ўнутраных войск Вераб’ёва (службовай асобы) і намагаўся справакаваць яго на выкарыстанне фізічнай сілы.

Пракурор патрабуе прызнаць Андрэя Цімафеенку вінаватым у гвалце і пагрозе гвалтам у дачыненні да службовай асобы, якая выконвала свае абавязкі па ахове грамадскага парадку.

Акрамя таго, паводле пракуратуры, дзеянні Цімафеенкі «пацягнулі за сабой прычыненне істотнай шкоды дзяржаўным інтарэсам у выглядзе падрыву аўтарытэту і гонару праваахоўных органаў…».

На падставе ч.1 арт. 366 КК пракурор папрасіў прызначыць Цімафеенку пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам на 5 гадоў з адбываннем пакарання ў папраўчай калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.

Ніякіх змякчальных фактараў у дзеяннях абвінавачанага дзяржаўны пракурор не вызначыў.

Адвакатка Цімафеенкі звярнула ўвагу на тое, што яе падабаронны часткова прызнаў сваю віну. Пагадзіўся, што левай рукой нанёс пацярпеламу Вераб’ёву, экіпіраванаму ў абарончую амуніцыю, адно «траўмуючае ўздзеянне» ў вобласць тулава. Абаронца нагадала, што Андрэй Цімафеенка адкінуў абвінавачанне ў актыўным удзеле ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве, перашкодзе дзеянням Вераб’ёва і дэстабілізацыі вайсковага ланцужку. Не прызнаў таксама, што выкрыкваў у бок Вераб’ёва пагрозы. Наадварот, каб пазбегнуць удзелу ў канфлікце, вырашыў абысці вайскоўцаў па краі праезджай часткі. У нейкі момант, стоячы ў групе грамадзянаў, убачыў, што адзін з вайскоўцаў, як яму падалося, хоча нанесці ўдар мужчыне, які стаяў побач. Пачаў дзейнічаць на апярэджанне – адштурхнуў вайскоўца.

Абаронца звярнула ўвагу суду, што факт помсты ў папярэднім следстве і падчас судовага паседжання не быў даказаны. Цімафеенку не было за што помсціць Вераб’ёву ў сувязі з займанай ім пасадай.

Адвакатка папрасіла апраўдаць Андрэя Цімафеенку праз адсутнасць ў яго дзеяннях складу злачынства.

У апошнім слове Цімафеенка запэўніў суд, што не быў удзельнікам гвалтоўных дзеянняў і не меў ніякіх прычын помсціць вайскоўцу. Пераконваў, што часу, праведзенага ў СІЗА, хапіла для асэнсавання ўчыненага, і папрасіў суд не пазбаўляць яго волі.

Прысуд будзе абвешчаны 2 снежня. Пачатак паседжання ў 14.00.

Адзначым, што на сённяшняе паседжанне журналіст «Віцебскай вясны» змог патрапіць толькі пасля тэлефанавання праваабаронцаў у Вярхоўны суд.

С. Горкі