Серада, 10 Сакавік 2021

Праваабаронцу Ірыну Траццякову аштрафавалі на 580 рублёў – праз 9 месяцаў па затрыманні

Ацаніць гэты матэрыял
(6 галасоў)
Падчас суду над Траццяковай Падчас суду над Траццяковай

10 сакавіка суд Чыгуначнага раёну Віцебску вярнуўся да разгляду адміністрацыйнай справы праваабаронцы Беларускага Хельсінкскага камітэту Ірыны Траццяковай, абвінавачанай паводле ч. 1 арт. 23.34 КаАП за ўдзел у несанкцыянаваным пікеце, які нібыта адбыўся яшчэ 19 чэрвеня 2020 году. Справа сталася «крэпкім арэшкам» для судовай сістэмы РБ. Чыгуначнаму суду ўдалося «раскалоць» яго толькі з трэцяй спробы...

 Штрафавалі, адмянялі, вярталі

  • 24 чэрвеня 2020 году паводле ч.1 арт. 23.34 суддзя Алена Грабянчук аштрафавала Ірыну Траццякову на 20 базавых велічынь. Пастанова была абскарджана ў абласным судзе.
  • 16 верасня Віцебскі абласны суд адмяніў пастанову суду Чыгуначнага раёну і адправіў справу на новы разгляд.
  • 31 снежня суд Чыгуначнага раёну вынес пастанову аб спыненні справы праз сканчэнне тэрміну прыцягнення да адміністрацыйнай адказнасці. Але суддзя Вольга Шапавалава ў сваёй пастанове памылілася – тэрмін прыцягнення да адказнасці не скончыўся. Траццякова звярнулася ў абласны суд з просьбай даць прававую ацэнку дзеянням суддзі. Аблсуд пакінуў пастанову Шапавалавай без зменаў, а скаргу – без задавальнення.
  • 26 лютага 2021 году старшыня абласнога суду Федзюкевіч накіраваў справу на новы разгляд.

«Я разумела, што ў маёй краіне пачынаецца пекла…»

10 сакавіка справу праваабаронцы Ірыны Траццяковай разбірала суддзя Святлана Варатынская.

Ірына Траццякова ўдзельнічала ў працэсе 10 сакавіка праз скайп (яна на волі). Хадайніцтва праваабаронцы аб удзеле ў працэсе заяўленых ёй сведкаў (Левінава, Янушкоўскай, Корнышава, Петкуна, Склімянка, Зуева, Хамы) суддзя Святлана Варатынская адхіліла.

Паводле міліцэйскага пратаколу, 19 чэрвеня 2020 году, знаходзячыся каля дому №18 на вуліцы Леніна ў Віцебску, Траццякова ўзяла ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве – пікетаванні. А менавіта, стоячы ў «ланцугу салідарнасці», публічна выказвала свае грамадска-палітычныя інтарэсы, салідарнасць з грамадзянамі, затрыманымі з палітычных прычын. На патрабаванне міліцыі спыніць мерапрыемства не рэагавала.

Ірына Траццякова не пагадзілася з фактам адміністрацыйнага правапарушэння. Паведаміла, што 19 чэрвеня ў якасці доўгатэрміновага назіральніка кампаніі «Праваабаронцы за вольныя выбары» ладзіла маніторынг этапу збору подпісаў. Сцвердзіла, што каля дому 18 на вуліцы Леніна не знаходзілася, пастаянна перамяшчалася. Пры сабе мела накіраванне БХК.

Патлумачыла таксама, што на пададзеным у суд відэа – як доказу яе віны – яна стаіць побач з віцяблянінам Аляксандрам Корнышавым. У нейкі момант яны апынуліся побач з грамадзянамі, якія стаялі ў «ланцугу салідарнасці», бо вымушаныя былі прапусціць групу міліцыянтаў, якія рухаліся міма людзей і папярэджвалі іх. У групе грамадзянаў, якія стаялі ў ланцугу салідарнасці, не знаходзілася, бо гэта супярэчыць маральнаму кодэксу назіральніка і праваабаронцы, запэўніла Траццякова.

«Пры тым мне было непрыемна, што, выконваючы ролю назіральніка, я не магу быць салідарнай са сваім народам. Я разумела, што ў маёй краіне пачынаецца пекла, але я проста назірала і ў ланцугу грамадзянаў не знаходзілася», – выказалася праваабаронца.

Адвакатка: Няма ніводнага доказу

У якасці сведкі быў апытаны супрацоўнік Першамайскага РАУС Максім Дарагенскі. 20 чэрвеня паводле дадзенага яму відэа ён склаў пратакол і рапарт, абвінаваціўшы Траццякову ва ўдзеле ў несанкцыянаваным мерапрыемстве. Патлумачыць у судзе, на падставе якіх дзеянняў Траццякова была прызнаная ўдзельніцай несанкцыянаванага мерапрыемства, міліцыянт не здолеў.

Адвакатка Траццяковай у сваім выступе адзначыла, што няма ніводнага доказу знаходжання Траццяковай ля дому №18 на вул. Леніна. Затое маецца пацверджанне таго, што Траццякова ў якасці назіральніцы была накіраваная БХК для маніторынгу выбарчай кампаніі. На міліцэйскіх відэазапісах Траццякова не пляскае ў далоні, не выказвае сваіх поглядаў, не знаходзіцца ў ланцугу салідарнасці, то бок не ўдзельнічае ў мерапрыемстве. Патлумачыла, што на відэа бачна, як Траццякова стаіць поруч з Корнышавым і здымае на камеру тэлефона супрацоўнікаў міліцыі, якія праходзяць міма.

Адвакатка прасіла адміністрацыйную справу спыніць праз адсутнасць падзеі адміністрацыйнага правапарушэння.

Варатынская нават не паднялася...

Суддзя Святлана Варатынская абвесціла прысуд нават не ўзняўшыся і не зрабіўшы паўзы пасля выступу адвакаткі:

«Суд пастанавіў Ірыну Траццякову паводле ч. 1 арт. 23.34 КаАП падвергнуць адміністрацыйнаму спагнанню ў выглядзе штрафу памерам 20 базавых велічыняў (580 рублёў)».

«Такога правасуддзя ў Беларусі быць не павінна»

Увесь гэты працяглы адміністрацыйны працэс Ірына Траццякова назвала «адміністрацыйным пераследам праваабаронцы, сябра БХК і незалежнага назіральніка».

«Такога правасуддзя ў Беларусі быць не павінна», – зазначыла Траццякова.

Адзначым, што суддзя Святлана Варатынская ўнесеная ў санкцыйныя спісы краін Балтыі.

С. Горкі