На судзе інтарэсы Паліны Нітчанкі прадстаўляюць яе маці Наталля Котава і адвакатка. Бок адказчыка – начальнік юрыдычнага аддзелу медуніверсітэту Дзяніс Пузанаў.
Студэнтка другога курсу лячэбнага факультэту ВДМУ Паліна Нітчанка 1 лютага, пасля адбыцця 17 сутак адміністрацыйнага арышту (арт. 23.34 КаАП), выйшла з ізалятару і ў гэты ж дзень даведалася, што яе адлічылі з універсітэту за няяўку на экзамены. Напярэдадні, пакуль дзяўчына знаходзілася за кратамі ІЧУ, адміністрацыя вынесла ёй вымову.
«Вымову аб'явілі незаконна, з парушэннем працэсуальных нормаў, і адлічэнне таксама незаконнае», – лічыць маці былой студэнткі Наталля Котава.
«Паліна азнаёмілася з загадам аб вынясенні вымовы ад 20 студзеня толькі 3 лютага. Гэта значыць, што яе не азнаёмілі з ёй у трохдзённы тэрмін пасля вынясення вымовы», – патлумачыла на судзе маці Паліны.
На гэта ж звярнула ўвагу і абаронца. Дадала таксама, што на момант вынясення вымовы судовая пастанова (ад 15 студзеня), паводле якой Нітчанка адбывала пакаранне ў ізалятары, яшчэ нават не набыла законнай моцы.
Адвакатка заўважыла, што камісія ВНУ, абвясціўшы вымову ў адсутнасць Паліны, фактычна парушыла яе правы і пазбавіла яе магчымасці даваць тлумачэнні, а таксама – абскардзіць спагнанне.
Прадстаўнік ВДМУ Дзяніс Пузанаў згадзіўся з тым, што тэрміны азнаямлення студэнткі з вымовай былі прапушчаныя, але настойваў, што толькі па віне Паліны.
«Бо яна знаходзілася ў зняволенні, так бы мовіць, і мы не маглі ніякім чынам ёй перадаць паперу для азнаямлення. Нас туды дакладна не пусцілі б. Я лічу, што ВНУ дзейнічала ў межах сваіх паўнамоцтваў і закон не парушала», – сказаў Дзяніс Пузанаў.
Падчас працэсу. Злева - Дзяніс Пузанаў
Адвакатка паведаміла на судзе, што асабіста перадавала 19 студзеня заяву Паліны да адміністрацыі ВДМУ з просьбай перанесці ёй экзамен, але дэканат не даў ёй такой магчымасці. Прысутнічаць на экзамене Паліна не магла фізічна.
«Знаходжанне ў ІЧУ – няважкая прычына няяўкі на экзамен», – заявіў на гэта прадстаўнік ВДМУ. Ён прапанаваў выклікаць у суд дэкана лячэбнага факультэту Марыну Фаміну.
Наступнае судовае паседжанне, на якім мае выступіць дэкан, адбудзецца 18 сакавіка (пачатак у 10.00).
Уладзімір Бяляўскі