Аўторак, 13 Красавік 2021

Удзельніка страйку на «Нафтане» Аляксандра Кухаронка асудзілі на 20 сутак арышту

Ацаніць гэты матэрыял
(4 галасоў)
Аляксандр Кухаронак Аляксандр Кухаронак

12 красавіка ў Наваполацку адбыўся суд над удзельнікам стачкі на прадпрыемстве «Нафтан» Аляксандрам Кухаронкам. Нагодай для завядзення справы паводле ч.3 арт. 24.23 КаАП стала відэа, знятае страйкоўцамі ў падтрымку галасавання на пляцоўцы «Голас». Да суду мужчына правёў трое сутак у мясцовым ізалятары.

Аляксандр Кухаронак быў затрыманы 9 красавіка ў пад'ездзе свайго дому, калі вяртаўся дахаты.

«Я мужа папярэдзіла, што стаяла машына ў двары, потым адʼехала. Яны ўвесь час тут пільнуюць, пастаянна сядзяць цэлы дзень у машыне», – распавяла Вольга Кухаронак, жонка асуджанага.

Відэаролік, за які быў пакараны Аляксандр Кухаронак, быў выкладзены ў інтэрнэт 20 сакавіка. У ім удзельнікі стачкі заклікалі грамадзян Беларусі ўзяць удзел у галасаванні на платформе «Голас». Адразу ж пасля размяшчэння відэароліка на ўдзельнікаў пачалося паляванне. Некалькі чалавек былі затрыманыя і асуджаныя.

«Чатыры чалавекі ўжо адседзелі па 15 сутак, іх выпусцілі, адзін знаходзіцца яшчэ за кратамі», – кажа Вольга.

Яе мужу таксама маглі даць 15 сутак, калі б судзілі паводле частцы 1 арт. 24.23. Але незадоўга да гэтага ў дачыненні да Кухаронка быў перагледжаны апраўдальны прысуд па адміністрацыйнай справе, разгледжанай яшчэ ў верасні 2020 года (яго судзілі за ўдзел у «шпацыры па горадзе ў дзень інаўгурацыі прэзідэнта»). Тады яго прызналі невінаватым. Але 18 сакавіка 2021 году суд перагледзеў рашэнне і прысудзіў яму штраф у памеры 30 базавых велічынь.

Аляксандр Кухаронак займаў на прадпрыемстве пасаду старшага аператара ўстаноўкі рэктыфікацыі. На прадпрыемстве адпрацаваў больш за 14 гадоў. 27 кастрычніка 2020 году ён далучыўся да агульнанацыянальнай забастоўкі і выклаў у інтэрнэт свой відэазварот да супрацоўнікаў прадпрыемства.

Яго жонка Вольга Кухаронак таксама была асуджаная па артыкуле 23.34. Яе прызналі вінаватай ва ўдзеле ў вулічным шэсці і аштрафавалі на 30 базавых велічынь.

Уладзімір Бяляўскі