Серада, 07 Красавік 2021

Віцебскі абласны суд адхіліў скаргі журналістаў «Белсату» і двух навапалачан

Ацаніць гэты матэрыял
(2 галасоў)

Віцебскі абласны суд разгледзеў 7 красавіка скаргі журналістаў-фрылансераў Змітра Казакевіча і Алены Шабуні, аштрафаваных у сакавіку за матэрыялы, якія былі апублікаваныя на сайце тэлеканалу «Белсат». Суд Першамайскага раёну Віцебску прызнаў іх вінаватымі ў незаконным вырабе прадукцыі СМІ (арт. 23.5 КаАП). Журналісты з гэтым не пагадзіліся.

«Быў прызнаны вінаватым у тым, што, не маючы акрэдытацыі замежнага СМІ, вырабіў інфармацыйныя матэрыялы, якія былі размешчаныя ў інтэрнэце на сайце belsat.eu», – прачытала суддзя Святлана Іванова пастанову ў дачыненні да Змітра Казакевіча.

Віцебскі журналіст-фрылансер Зміцер Казакевіч 17 сакавіка быў аштрафаваны на 60 базавых велічынь у двух адміністрацыйных справах. А менавіта - за артыкул пра выкладчыка ВДМУ, звольненага з працы за бел-чырвона-белыя фіранкі на акне ўласнай кватэры, і за паведамленне з судовага працэсу над віцяблянінам Арцёмам Ісакавым. Рашэнні аб пакаранні штрафамі прымалі суддзі Андрэй Шыдлоўскі і Вераніка Барысава (абодва прысудзілі журналісту па 30 базавых велічынь).

Справу Алены Шабуні ў судзе першай інстанцыі таксама разбірала Вераніка Барысава. Паводле пастановы, Шабуня «прызнаная вінаватай у тым, што, знаходзячыся ў Паставах, выконвала функцыі журналіста замежнага СМІ без акрэдытацыі, брала інтэрв'ю і зрабіла відэасюжэт, які быў размешчаны ў кампʼютарнай сетцы Інтэрнэт». 24 сакавіка Алену Шабуню пакаралі штрафам у памеры 30 базавых велічынь.

У скаргах віцебскія журналісты адзначалі, што былі парушаныя іх правы, гарантаваныя Канстытуцыяй і Міжнародным пактам аб палітычных і грамадзянскіх правах, якія дазваляюць грамадзянам свабодна збіраць і распаўсюджваць інфармацыю. Прасілі рашэнні суду Першамайскага раёну Віцебску адмяніць, а адміністрацыйныя справы спыніць праз адсутнасць складу адміністрацыйнага правапарушэння.

Суддзя Іванова не падтрымала іх довады і пакінула пастановы без зменаў, а скаргі – без задавальнення.

Справы Аношчанкі і Кухаронак

Не задаволіла Святлана Іванова і скаргі жыхароў Наваполацку Уладзіміра Аношчанкі і Вольгі Кухаронак.

Уладзімір Аношчанка быў аштрафаваны 3 сакавіка судом Наваполацку на 25 базавых велічынь за вывешаны на балконе бел-чырвона-белы сцяг. А Вольга Кухаронак была прызнаная вінаватай ва ўдзеле ў несанкцыянаваным шэсці. 26 лютага Наваполацкі суд аштрафаваў яе на 30 базавых велічынь.

Відэазапіс шэсця людзей з бел-чырвона-белымі сцягамі ў Наваполацку быў выкладзены ў Інтэрнэт. Сярод удзельнікаў, якія былі ў масках, супрацоўнікі МУС апазналі Вольгу Кухаронак. У абласным судзе Вольга заявіла, што не брала ўдзел у акцыі і знаходзілася ў гэты час удома са сваёй сямʼёй. Запэўнівала, што ідэнтыфікаваць удзельнікаў акцыі на відэа немагчыма.

«Вы мяркуеце, супрацоўнік міліцыі можа браць на сябе такую ​​адказнасць і агаворваць чалавека? Якая ў яго прычына?» – удакладніла суддзя Іванова.

«Прычына такая, што мой муж працуе на «Нафтане» і знаходзіцца ў стачцы. Да таго, як мяне прывялі ў ГАУС, у кватэры быў ператрус. Нібыта я сведка абразы супрацоўніка міліцыі ў сацсетках. Пасля ператрусу мяне запрасілі ў следчы камітэт для дачы паказанняў, а там ужо мяне чакаў супрацоўнік ГАУС...» – адказала Вольга Кухаронак.

Уладзімір Бяляўскі